31 траўня 2020, Нядзеля, 22:48
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Ілан Маск створыць кампутары-імпланты для мозгу

13
Ілан Маск створыць кампутары-імпланты для мозгу
ФОТА: REUTERS

Заснавальнік SpaceX і Tesla хоча вырабляць імпланты, якія злучаюць мозг чалавека з кампутарам.

Згодна з інфармацыяй The Wall Street Journal, заснавальнік SpaceX і Tesla Ілан Маск стварыў кампанію Neuralink, мэта якой - вытворчасць маленькіх імплантаў, якія звяжуць мозг чалавека з кампутарам, піша РБК.

Праект знаходзіцца на ранніх этапах распрацоўкі, а сама Neuralink пакуль нават да канца не сфармаваная. Паводле звестак выдання The Wall Street Journal, юрыдычна кампанія была аформленая як медыцынска-даследчая і яе штаб знаходзіцца ў Каліфорніі.

Вядома, што распрацаваныя ў Neuralink імпланты павінны будуць стаць прамежкавым звяном паміж праграмамі і мозгам - а значыць, дазволіць людзям кіраваць электроннымі прыладамі наўпрост, не звяртаючыся да традыцыйных прылад уводу накшталт клавіятуры, мышы або сэнсарных экранаў.

Пра планы распрацоўкі нейраінтэрфэйсаў Маск ускосна згадваў у апошнія паўгода. Між іншым, выступаючы на саміце World Government Summit у Дубаі ў сярэдзіне лютага, бізнэсовец распавёў, што, на яго думку, «з часам сувязь біялагічнага інтэлекту людзей са штучным будзе станавіцца ўсё больш цеснай».

Кампутараў, падобных прапанаваным Маскам, у свеце пакуль не існуе. Найбліжэйшыя аналагі - медыцынскія імпланты, якія навукоўцы ў выключных выпадках усталёўваюць пацыентам, якія пакутуюць ад сур'ёзных парушэнняў працы мозгу. Такая аперацыя вельмі рызыкоўная, таму да яе звяртаюцца толькі ў тым выпадку, калі традыцыйныя метады лячэння не працуюць. Людзей нават з найпрасцейшымі штучнымі стымулятарамі ў чэрапе не больш як дзесяць тысяч.

Тым не менш тэматыка нейраінтэрфэйсаў набірае папулярнасць у Крамянёвай даліне. Да прыкладу, стартап Kernel, заснаваны стваральнікам Braintree Браянам Джонсанам, працуе над прыладай, што імплантуецца ў мозг, якая тэарэтычна зможа аднаўляць дэградаваныя мазгавыя тканкі і лячыць хваробу Альцгеймера. Акрамя таго, імплант павінен істотна павысіць разумовыя здольнасці чалавека.