«Дача — мая аддушына, у нас там зямля чарадзейная»
7- 20.05.2026, 9:41
Беларусы расказалі, дзе плануюць адпачыць летам 2026-га.
У нашу краіну ўсё актыўней едуць на адпачынак расіяне: паводле некаторых звестак, штогод Беларусь наведваюць каля 5 мільёнаў грамадзян РФ. А што застаецца самім беларусам, для якіх пуцёўкі ў санаторыі рэзка выраслі ў цане, еўрапейскія візы ўсё складаней атрымаць, а іншыя кірункі могуць быць рызыкоўнымі?
Беларусы расказалі «Салідарнасці» пра тое, дзе хочацца і дзе атрымаецца адпачыць летам 2026-га.
Тацяна, Мінск:
— Ды куды я паеду, на дачу хіба што. Сёлета ў старэйшай дачкі выпускны і паступленне, сын заканчвае малодшую школу, у іх таксама прыдумалі своеасаблівы «выпускны» на памяць.
Пасля ўсіх гэтых выдаткаў — дай божа, каб хапіла паставіць каронку на зуб, якую ўжо нельга адкладаць, і на дачы скончыць з касметычным рамонтам.
Дача — мая аддушына, у нас там зямля чарадзейная і ўсё заўсёды расце, радуе вока: хоць кабачкі і крыжоўнік, хоць півоні і мае ўлюбёныя гладыёлусы. Пастараюся бываць там пачашчэй, бо яшчэ зімой упахалася і моцна стамілася ад горада.
На мора — хочам усе, але пакуль не атрымліваецца. Можа, атрымаецца нармальна адкласці за год, тады наступным летам заплануем. Не ў Крым, вядома.
Ліза, райцэнтр у Мінскай вобласці:
— Я адпачывала акурат толькі што, бо летнія месяцы ў мой бюджэт не ўпісваюцца, нават Албанія ці Балгарыя. Максімум Пальма дэ Браславы, і тое калі з надвор’ем пашанцуе і ўсюдыісныя расейскія турысты не забраніруюць усе аграсядзібы і кемпінгі.
Так на раннім браніраванні паспелі з сяброўкай ухапіць 10 дзён Егіпта на красавік, — па надвор’і фактычна ўгадалі, і з парачкай лайфхакаў па кошце выйшла меней, чым мае знаёмыя плануюць выдаткаваць у чэрвені на расійскі Геленджык. Трывожна было толькі з авіяпералётам праз канфлікт на Блізкім Усходзе, але ў выніку ўсё абышлося.
Цяпер — што называецца, казка ўся, казка скончылася. І на ўсё лета планы — толькі праца, толькі хардкор! Тым больш, што мая сфера працы — грамадскае харчаванне, і менавіта ўлетку ёсць шанец і спадзеў добра зарабіць.
Іна і Аляксей, абласны цэнтр:
— На сваёй машыне паедзем у Грузію. Мінулага года сябры былі — аповедамі і фота нас уражылі, прысмакамі заманілі, скідалі «яўкі-паролі», дзе што лепш, у якіх месцах камфортна спыняцца, дык і мы вырашыліся. Машыну толькі давялося як след падрыхтаваць.
Увесь адпачынак пад гэтую справу запланавалі, чатыры тыдні. Плануем укласціся ў $2000 — і настроеныя на мора пазітыву. Ужо ў прадчуванні, напэўна, у апошні тыдзень перад падарожжам будзем дні ў календары выкрэсліваць.
Крысціна, жыхарка райцэнтра:
— Нікуды не палячу, нікуды не паеду — ні грошай, ні магчымасцяў, ні настрою.
Што буду рабіць? Працаваць, у выходныя па магчымасці высыпацца, і зноў шмат працаваць. Бо на нашым прадпрыемстве сітуацыя не вельмі добрая, і начальства не хавае, што прыглядае кандыдатаў на звальненне. А я маральна не гатовая рэзка нешта змяняць або ісці на біржу працы — усе ж ведаюць, якая там мізэрная дапамога па беспрацоўі.
Ганна Сцяпанаўна, Мінск:
— У мяне гэтым летам будзе медыцынскі турызм (смяецца) у межах горада. Трэба зрабіць планавую аперацыю, якраз падыдзе мая чарга — а перад ёй, як водзіцца, здаць свежыя аналізы то там, то тут. А ўжо далейшыя планы залежаць ад таго, як буду аднаўляцца.
Калі ўсё будзе добра, хачу з’ездзіць з сяброўкамі з творчай студыі (яна пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання) у некалькі тураў выходнага дня — даўно не была ў Дудутках, у Нясвіжы і ў Гродне хацелася б пабываць.
Ну а калі прыходзіць у норму буду доўга і цяжка, дык куды тут трапыхацца. Льготны санаторый мне не прадугледжаны, я яшчэ адносна маладая пенсіянерка і інваліднасці не маю, а па поўным кошце не пацягну, ды да таго ж, кажуць, ужо ўсё занята расіянамі. Тады буду гуляць па наваколлі, можа, складу мужу і дзецям кампанію на дачы, хоць я зусім не прыхільніца фазенды і градак.
Вельмі, вельмі хацелася б паехаць у Адэсу або ў Коктэбель, куды мы шмат гадоў з сям’ёй ездзілі. Але пакуль даводзіцца збіраць, чакаць добрых навін і спадзявацца, што дажыву.
Сяргей, абласны цэнтр:
— Нам прасцей, у нас ёсць шэнген. Таму плануем Іспанію — дакладней, Каталонію — цывілізацыю і цёплае мора. Па бюджэце ўчатырох разлічваем укласціся да 3 тысяч еўра (калі жонка не вырашыць разгуляцца з шопінгам). Праз агенцтва выйшла б даражэй, таму глядзелі варыянты самі з вылетам з Варшавы.
А ўжо калі вернемся, спадзяюся, лета не абміне Беларусь і ў нас затрымаецца. Тады з’ездзім з сябрамі на Прыпяць, там ёсць улюбёныя мясціны, дзе ўсё добра: і купацца, і рыбачыць, і на заходы сонца маўчаць, і проста так ад гарадской мітусні адпачыць.