22 верасня 2020, aўторак, 19:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Казлоў: Ёсць толькі адзін варыянт – выхад на вуліцы

36
Мікола Казлоў: Ёсць толькі адзін варыянт – выхад на вуліцы

Сёння трэба паказаць, што мы перамаглі.

Сёння, 9 жніўня, адзін з найважнейшых дзён у найноўшай гісторыі Беларусі. У народа з'явіўся рэальны шанец вярнуць сабе ўладу і накіраваць краіну па дэмакратычным шляху развіцця.

Як дзейнічаць, каб адстаяць свой выбар? На гэтую тэму сайт Charter97.org пагутарыў з лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міколам Казловым.

– У свой час вы сышлі з міліцыі і сталі апазіцыйным палітыкам менавіта праз фальсіфікацыі на выбарах. Ужо цяпер відаць беспрэцэдэнтны маштаб парушэнняў з боку ўлады. Як беларусам абараніць свае галасы сёння, 9 жніўня?

– Кожны беларус павінен памятаць: Канстытуцыя дае нам права на свабоду сходаў, свабоду выказвання меркаванняў. Таму ўсе мы маем рэальную магчымасць абараніць свой голас.

Улада сама правакуе нас на абарону свайго выбару. Асабіста я не магу абыякава глядзець на тое, што рабілася ўсе гэтыя дні на выбарчых участках. У мяне адчуванне, што мне плююць у твар і пры гэтым прапануюць маўчаць. Але я не збіраюся маўчаць. Я буду карыстацца ўсімі правамі, якія мне дае Канстытуцыя.

У нас проста няма іншага выйсця. Каб паказаць, што мы перамаглі, а ўлада пацярпела паразу, ёсць толькі адзін варыянт: выхад на вуліцы.

Калі б мы былі цывілізаванай дзяржавай, мы б проста разрэзалі скрыні для галасавання, палічылі галасы. Ужо цяпер відавочна, што гэтага не будзе.

Убачыць наш рэальны выбар можна толькі тады, калі людзі выйдуць на вуліцы і скажуць: «Я прагаласаваў». Калі мы збярэмся каля сваіх выбарчых участкаў у другой палове дня, калі мы пакажам, што нас – большасць.

Як яшчэ можна змагацца з хлуснёй і фальсыфікацыямі ўлады, акрамя як выйсці на вуліцу і сказаць, што нас шмат?

Галоўнае, каб гэта было мірна, добразычліва, каб у нас была атмасфера салідарнасці. Не павінна быць агрэсіі. У той самы час мы павінны цвёрда сказаць, што перамаглі, Святлана Ціханоўская перамагла. За ёй – большасць беларусаў. Мы сапраўды можам гэта даказаць.

У мяне ёсць глыбокае перакананне, што пасля выбараў 9 жніўня мы зможам святкаваць перамогу незалежна ад таго, што скажа Ярмошына. Я бачу і разумею гэта, таму што нас – абсалютная большасць. Улада гэта таксама бачыць, беручы да ўвагі, як яна нервуецца праз нашыя мітынгі. І нічога, акрамя абсурду, яны супрацьпаставіць нам не могуць. Гэта робіцца таму, што прадстаўнікі ўлады на месцах у душы ўжо згодныя з тым, што мы перамаглі. Улады адчуваюць, што іх мала, а нас шмат.

Я сапраўды магу сказаць, што буду рабіць 9 жніўня. Я прыйду да свайго ўчастка, прагаласую, сфатаграфую бюлетэнь, адпраўлю ўсе звесткі ў «Голас» або «Зубр». Пасля гэтага я пайду ў цэнтр горада з пачуццём выкананага абавязку і адчуваннем перамогі. Думаю, што сустрэну там вельмі шмат людзей, якія падзяляюць маё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне, і хочуць перамен.

– Якія факты даказваюць, што беларусы саспелі да пераменаў і не дазволяць застацца ва ўладзе чалавеку з 3%-м рэйтынгам?

– Мы практычна кожны дзень бачылі, што людзі масава выходзілі на мітынгі Святланы Ціханоўскай ва ўсіх гарадах. Значыць, беларусы сапраўды хочуць пераменаў. Людзі ўжо ўсталі з канапаў для таго, каб гэтыя перамены наступілі.

І Лукашэнка ўбачыў, што Святлана збірае ў тысячы разоў больш людзей, чым ён здольны прывезці ў аўтобусах.

Мяне проста ўражвае маштаб мітынгаў і сіла людзей, якія выходзілі па ўсёй краіне на акцыі Ціханоўскай. Гэты эмацыйны ўздым ёсць у кожным горадзе, у кожным доме. Не толькі ў сталіцы – але і ў маленькіх гарадах, па ўсёй краіне. Людзі вельмі спадзяюцца, што жыццё пасля гэтых выбараў зменіцца і мы, нарэшце, пабачым новага прэзідэнта і пачнем рухацца наперад.

Адкрыйце інтэрнэт: факты таго, што беларусы ўжо гатовыя да пераменаў, з'яўляюцца кожную секунду. Два хлопцы, якіх вымусілі ўдзельнічаць у мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы, каб не дапусціць мітынгу Ціханоўскай, уключылі песню Цоя «Перамен» і сталі героямі ў вачах людзей. ДАІшнікі спынілі машыну з бел-чырвона-белым сцягам і, пакуль складалі пратакол, мінакі сабралі кіроўцу грошы на штраф. Толькі з твараў, з таго, як гавораць людзі, што яны робяць, мы бачым, што адбылася мабілізацыя грамадзянскай супольнасці. Усе гатовыя адстойваць сваё меркаванне. Беларусы ведаюць, чаго яны хочуць. Усіх аб'ядноўвае адна думка: Лукашэнка павінен сысці.

– Вы – афіцэр МУС. Якія цяпер настроі сярод міліцыі? Ці гатовыя яе супрацоўнікі быць на баку народа?

– Усё залежыць ад таго, колькі людзей выйдзе на вуліцы. Я ўпэўнены, што калі ў Менску на вуліцах будзе тысячаў 300, то мала хто з сілавікоў возьме на сябе смеласць супрацьстаяць народу. Не толькі таму, што гэта вялікая колькасць, але і таму, што кожны з іх разумее: хто-небудзь з сваякоў, знаёмых, суседзяў можа быць у гэтым натоўпе. Перад кожным з іх будзе стаяць няпросты маральны выбар, калі прыйдзе незаконны загад зверху. Упэўнены, што вельмі многія абяруць сумленны шлях, а не такі, які захоча ўлада. Урэшце супрацоўнікі МУС таксама людзі: яны ўсё бачаць і ўсё разумеюць.

Спадзяюся, што супрацоўнікі сілавых структураў будуць рабіць такі выбар, як гэта зрабілі дыджэі з Кіеўскага скверу.

– Колькі людзей павінна быць на вуліцах 9-10 жніўня, каб улада змянілася?

– Думаю, што тысячаў 300–500 цалкам дастаткова. Гэта і ёсць крытычная маса. Тым больш, я думаю, што людзі выйдуць не толькі ў Менску. Я бачыў, як цягам апошняга месяца праходзілі масавыя мітынгі ў абласных і раённых гарадах.

Усё ў нас атрымаецца. Я веру ў гэта ўсім сэрцам.