27 красавiка 2024, Субота, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Балкунец: Лукашэнка слабы, ёсць шанец прымусіць яго пайсці на саступкі

16
Дзмітрый Балкунец: Лукашэнка слабы, ёсць шанец прымусіць яго пайсці на саступкі
ДЗМІТРЫЙ БАЛКУНЕЦ
ФОТА: DELFI

Беларускае грамадства гатовае да нестандартных дзеянняў.

Лідары апазіцыі, грамадскія дзеячы і зоркі спорту выказалі салідарнасць і падтрымалі 10 патрабаванняў беларускіх рабочых да рэжыму. Сайт Charter97.org пагаварыў з адным з падпісантаў звароту - палітолагам Дзмітрыем Балкунцом

- Чаму сёння важна паказваць салідарнасць з працоўнымі?

- Мне здаецца, што беларускае грамадства чакае перамен і гатовае да актыўных дзеянняў. Кожны гатовы сваім чынам праявіць салідарнасць з тымі, каго арыштавалі, хто знаходзіцца ў эміграцыі, і ўсе чакаюць нейкіх змен.

Патрабаванні, якія былі агучаныя Беларускім аб'яднаннем працоўных, знаходзяць водгукі сярод розных сацыяльных груп насельніцтва - сярод медыкаў, настаўнікаў і гэтак далей. Я ўпэўнены, што гэты рух павінен пашырацца.

Страйк у Беларусі сапраўды можа быць актуальны, бо цяпер краіна знаходзіцца ў цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыі. Таму я ўпэўнены, што такім чынам людзі павінны сябе абараніць, гэта значыць застацца дома. У свеце цяпер праводзіцца акцыя - Striketober (камбінацыя ангельскіх слоў Strike - Страйк і October - Кастрычнік, - рэд.), калі працоўныя ва ўсім свеце ставяць хэштэг і не выходзяць на працу.

- У чым зараз унікальнасць сітуацыі ў Беларусі? Чаму страйк можа стаць пераломным момантам у беларускай рэвалюцыі?

- Лукашэнка слабы, гэта бачна з ягоных дзеянняў, псіхічнага стану - паводзінаў і неадэкватнасці. Я думаю, што грамадства мае шанец прадэманстраваць сілу і адзінства дзеля таго, каб прымусіць яго пайсці на саступкі, прымусіць сысці з кіроўнай пасады і дамагчыся правядзення новых выбараў.

- Як вы ацэньваеце эфектыўнасць метаду страйку - на падставе гістарычнага досведу і прыкладаў у іншых краінах?

- У жніўні 1980 года, 18-дзённы страйк «Салідарнасці» з 21 патрабаваннем, якія былі вывешаныя на плоце суднаверфі Гданьска, прывёў да развязання вельмі многіх пытанняў таго часу. Шмат хто кажа, што Польшча была іншай, людзі былі іншыя, беларусы не такія. Так не трэба разважаць: кожная краіна мае свой гістарычны досвед. Нельга проста браць і капіяваць нейкія метады.

Заўсёды ёсць выпадкі, якія маюць гістарычнае значэнне. Падзеі жніўня мінулага года ў Беларусі мелі гістарычнае значэнне, але ў жніўні скончыліся, таму зараз ужо новая гісторыя. Я ўпэўнены, што Беларусь яшчэ прадэманструе сваё жаданне мяняцца.

- Экспэрты адзначаюць, што супраць Лукашэнкі цяпер складваецца сур'ёзны «замежны фронт»: ЕЗ рыхтуе пяты пакет санкцый, у Сэнаце ЗША прынялі рэзалюцыю аб узмацненні жорсткасці ціску на рэжым, абвастраюцца супярэчнасці Менска з Крамлём і Кітаем. Наколькі міжнародная абстаноўка спрыяе адкрыццю «другога», страйкавага, фронту ўнутры Беларусі?

- Вонкавы ціск спрыяе стварэнню пэўных умоў, якія могуць паўплываць на сітуацыю, у тым ліку і на ўнутраны парадак дня, і на настроі ў беларускім грамадстве. Усе дзеянні замежных гульцоў - і на Захадзе, і на Усходзе, і ў Кітаі у тым ліку - могуць падштурхнуць грамадства да пэўных настрояў у пазітыўным ключы. Лукашэнка - гэта выгнанец, і яго дзеянні прыводзяць да таго, што краіна стала выгнанцам. Натуральна, развіцця з такім чалавекам быць не можа.

Кожны павінен задумацца і зразумець, што Лукашэнка - гэта мінулае, чалавек, які вядзе Беларусь да краху і катастрофы, таму трэба рабіць усё, каб спыніць гэтага чалавека, ізаляваць, альбо арыштаваць ці даць магчымасць з'ехаць з краіны.

- Надоечы Лукашэнка на «нарадзе» пра каранавірус абрынуўся на чыноўнікаў праз меры для стрымлівання эпідэміі. Дыктатар чарговым разам выказаўся супраць нашэння масак і масавай вакцынацыі. Наколькі адэкватныя гэтыя выказванні?

- Лукашэнка не з'яўляецца спецыялістам, як ён сам падкрэсліў на гэтай нарадзе. Я думаю, што як дылетант ён можа выказаць усё, што ён хоча, але чалавеку, які ўважае сябе за кіраўніка дзяржавы, некарэктна сябе так паводзіць.

Ён павінен спадзявацца на меркаванні спецыялістаў, а не навязваць свой пункт гледжання, якая з'яўляецца, з пункту гледжання медыкаў, памылковым. І вось прыняцце памылковых пастаноў на высокім узроўні прыводзіць да трагічных вынікаў, таму што праз ягоную бязглуздую палітыку летась і цяпер шмат людзей памерла. Маштаб вылічаецца дзясяткамі тысяч ахвяр.

Чыноўнікі, якія там сядзяць, не могуць устаць і сказаць: «Саша ты дурань, што ты нясеш». Там сядзяць баязлівыя людзі, якія толькі падтакваюць. Смешна было назіраць за кіраўніком МУС, якога Лукашэнка ўшчуваў, што міліцыя ходзіць і маскі зрывае. Адной рукой гэты кіраўнік МУС ратуе шкуру Лукашэнкі, а з другога боку, як хлопчык, ўстае і слухае, як яго ўшчуваюць і пераць пры ўсіх. Вось такія міністры і генералы у Беларусі - баязлівыя, абсалютна няздольныя выказваць свой пункт гледжання.

- У інтэрв'ю Studio X97 вы заявілі на адрас беларускіх працоўных: «Ратуйце свае жыцці - не ідзіце на працу". Чаму заставацца дома для многіх сем'яў у Беларусі цяпер - найлепшае выйсце?

- Я думаю, што сапраўды гэта найлепшае выйсце - заставацца дома ва ўмовах пандэміі, калі шалее эпідэмія. Нават калі чалавек прышчэплены - лепш не хадзіць па вуліцах, нейкіх мерапрыемствах, у тым ліку і на прадпрыемствы, у школы і ўніверсітэты. Я ведаю, што вельмі шмат дзяцей хварэюць на COVID-19, вельмі складана пераносяць гэтую хваробу. Таму гэта найлепшы варыянт - рабочым заставацца дома, а школьнікам і студэнтам пераходзіць на дыстанцыйнае навучанне.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках