26 красавiка 2024, Пятніца, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Радыё Свабода»: ЕЗ распрацаваў дакумент аб адключэнні Беларусі ад SWIFT і замарозцы актываў усіх буйных прадпрыемстваў

95
«Радыё Свабода»: ЕЗ распрацаваў дакумент аб адключэнні Беларусі ад SWIFT і замарозцы актываў усіх буйных прадпрыемстваў

Новы пакет санкцый можа быць уведзены, калі рэжым не спыніць рэпрэсіі.

У канцы мінулага года ў Менску паслы 16 дзяржаў Еўразвязу і кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ распрацавалі дакумент, у якім выкладаюцца 4 варыянты палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

Гэты дакумент, які трапіў у распараджэнне «Радыё Свабода», будзе абмеркаваны найбліжэйшым часам у Брусэлі. Пакуль невядома, які з наступных прапанаваных варыянтаў прыме кіраўніцтва Еўразвязу.

«Пачакай і паглядзі»

Гэта варыянт захавання status quo. ЕЗ ужо заявіў, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», і што Лукашэнка «не стае дэмакратычнай легітымнасці». Пасля рэпрэсій супраць удзельнікаў пратэстаў Еўразвяз увёў візавыя санкцыі і замарожванне актываў у дачыненні да 88 асоб і 7 суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку да Лукашэнкі і ягонага сына. Гэта было зроблена трыма пакетамі санкцый у канцы 2020 года. Гэты сцэнар у дакуменце ахарактарызаваны як «паступовы падыход да санкцый».

«Прагматычная роўнааддаленасць»

Гэты варыянт прадугледжвае інтэнсіўнае дыпламатычнае ўздзеянне, гаворка ідзе пра такія яго формы, як «маўклівая дыпламатыя, накіраванне місіі высокага ўзроўню ў Менск альбо запрашэнне прадстаўнікоў афіцыйнага Менска ў нейтральнае месца (скажам, у Швайцарыю), каб абмеркаваць прапанову аб пасярэдніцтве, згоду на дыялог з рэжымам і ўступленне ў спецыяльны дыялог з АБСЕ аб сітуацыі ў Беларусі, уступленне ў дыялог на высокім узроўні з Расеяй і ЗША аб узмацненні вонкавага ціску на Менск, а таксама стварэнне спецыяльнай кансультацыйнай місіі Еўразвязу або пасады спецыяльнага прадстаўніка ЕЗ для Беларусі».

«Істотнае пагаршэнне стасункаў»

Трэці варыянт прадугледжвае значнае пашырэнне спісу асоб і арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, а таксама зніжэнне ўзроўню дыпламатычных стасункаў да мінімуму і «падтрымка распачынання крымінальных і іншых спраў паводле нацыянальнага заканадаўства ў дзяржавах-чальцах ЕСЗ супраць вінаватых у катаваннях і нялюдскім абыходжанні». Акрамя таго, гэты варыянт прадугледжвае стварэнне на падставе Маскоўскага механізму АБСЕ Міжнароднага трыбунала аб расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

«Амаль поўнае замарожванне стасункаў»

Самы жорсткі, варыянт прадугледжвае разрыў дыпламатычных стасункаў, поўны санкцыйны рэжым, які закране шэраг галін беларускай прамысловасці, забарона на продаж еўрааблігацый і, магчыма, каардынацыя рэжыму санкцый у дачыненні да Беларусі з санкцыйным рэжым у дачыненні да Расеі. У рамках гэтага варыянту таксама можа разглядацца мараторый на ўдзел Беларусі ў структурах «Усходняга партнёрства» і афіцыйнае прызнанне ўрада ў выгнанні.

У дакуменце, падрыхтаваным 17 высокімі еўрапейскімі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Менску, таксама адзначаецца шэраг крокаў, якія павінны распачаць беларускія ўлады, каб аднавіць «змястоўны дыялог з Еўразвязам». Гэта спыненне «ўсіх рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека, пераслед прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці».

Еўразвяз таксама патрабуе ад Менска вызваліць, рэабілітаваць палітвязняў і выплаціць ім фінансавую кампенсацыю, забяспечыць свабодныя і справядлівыя выбары пад наглядам АБСЕ і стварыць бяспечныя ўмовы для вяртання тых, хто цяпер у палітычным і прымусовым выгнанні.

Кіраўнікі дыпламатычных місій прапаноўваюць Брусэлю разгледзець пытанне аб пашырэнні санкцый, калі гэтыя ключавыя патрабаванні ЕЗ не будуць выкананыя.

Сярод людзей, якія павінны трапіць пад санкцыі, - вышэйшыя службовыя асобы рэжыму, у тым ліку ўсе чальцы Савета бяспекі, іх непасрэдныя сваякі, кіраўнікі абласных адміністрацый і памочнікі прэзідэнта ў рэгіёнах, а таксама «шараговыя выканаўцы гвалту з ліку прадстаўнікоў міліцыі, КДБ і АМАПу».

Замарожванне актываў кампаній павінна ўключаць у сябе «дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ўносяць свой уклад у фінансаванне рэжыму, такія як перапрацоўка нафты, здабыча калію і хімічная вытворчасць», фінансавыя ўстановы, Менскі транзітны банк, БелАЗ, МТЗ, «Белкамунмаш», МАЗ, МЗКЦ, Менскі электратэхнічны завод.

На выпадак, калі сітуацыя яшчэ пагоршыцца, дакумент прапануе ўвесці галіновыя санкцыі, якія ўключаюць забарону такім кампаніям, як MasterCard, VISA і Swift, выконваць паслугі альбо пастаўляць тавары беларускім кампаніям, якія займаюцца энэргетыкай і сыравінай, а таксама ўсім дзяржаўным кампаніям і тым кампаніям, якія належаць фізічным асобам з санкцыйнага спісу ЕЗ.

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках