19 красавiка 2024, Пятніца, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Царкве «Новае Жыццё» прапануюць выплаціць 170 тысячаў даляраў

10
Царкве «Новае Жыццё» прапануюць выплаціць 170 тысячаў даляраў

Пратэстанцкую царкву 17 лютага выселілі з будынка.

Былы кароўнік, пераабсталяваны пад малітоўны дом, цяпер пустуе, а прыхаджане моляцца побач, на вуліцы. На днях з'явілася інфармацыя, што ЖРЭА Маскоўскага раёна, якому цяпер належыць будынак, выставіла суполцы пазыку, – больш за 170 тысячаў даляраў. Запыталіся ў ЖРЭА, пра якія грошы гаворка, а ў царкве – пра тое, як яны збіраюцца развязваць «жыллёвае пытанне», піша tut.by.

Судовыя выканаўцы з міліцыяй 17 лютага выселілі царкву «Новае жыццё» з будынка на Кавалёва, 72.

Успомнім коратка гісторыю канфлікту. У 2002-м пратэстанцкая супольнасць выкупіла ў калгаса ў Менскім раёне будынак былога кароўніка, зрабіла ў ім рамонт і стала там маліцца. Пазней гэтая тэрыторыя адышла гораду, у 2005-м менскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстацца зямельным надзелам, была пастанова пра высяленне з будынка. Вернікі ў адказ наладзілі галадоўку – гэта выклікала сур'ёзны рэзананс. Быў суд, які ў 2009-м годзе прыняў пастанову пра высяленне супольнасці з будынка. Асноўная прэтэнзія ў тым, што будынак выкарыстоўваецца не на прызначэнне – як культавы, а не для вядзення сельскай гаспадаркі. Вернікі вялі перамовы з гарадскімі ўладамі, сітуацыя доўгія гады была падвешанай. У 2019-м горад прыняў пастанову будаваць на гэтым месцы школу. У лютым 2021-га суполку з міліцыяй выселілі судовыя выканаўцы.

Што кажуць у «Новым жыцці»

Прадстаўнікі царквы «Новае жыццё» кажуць, што ў Менгарвыканкаме ім патлумачылі: суполка не можа спадзявацца на вылучэнне надзелу пад будаўніцтва новага будынка да выплаты пазыкі ў падатках.

Пазыка – гэта 458 тысячаў 918 рублёў (блізу 176 тысячаў даляраў). Такая сума фігуруе ў лісце, які прыйшоў са ЖРЭА Маскоўскага раёна Менска. Арганізацыя прапануе добраахвотна выплаціць гэтыя грошы ў самыя кароткія тэрміны, тлумачачы, што гэта пакрыццё «панесеных выдаткаў, звязаных з выплатай зямельнага падатку, падатку на нерухомасць і амартызацыі нежылога памяшкання на вуліцы Кавалёва, 72».

ФОТА: ЧЫТАЧ TUT.BY

Адміністратар «Новага жыцця» Віталь Антончыкаў кажа, што для супольнасці гэта непасільная сума.

– У нас у краіне рэлігійныя арганізацыі вызваленыя ад выплаты падатку. І гэта нездарма: мы існуем на ахвяраванні людзей і не ў стане плаціць такія вялікія сумы. Мяркуем несправядлівым, што цяпер такую велізарную суму задняй датай на нас вешаюць.

Паводле словаў суразмоўцы, царква ў свой час сутыкалася з перашкодамі пры спробах перапрафіляваць будынак сельгаспрызначэння ў культавы, «выдаваўся тэхпашпарт на будынак культавага прызначэння, які потым адклікалі».

Цяпер гарадскія ўлады прапануюць суполцы арандаваць памяшканне, выбар такі: у ДК МАЗ ці ў ДК імя Шарко.

– Актуальны кошт арэнды мы пакуль не ўдакладнялі, але арэнда вялікіх залаў каштуе вялікіх грошай. Пакуль молімся на вуліцы – ужо цёпла. Перашкодаў у гэтым нам не чыняць, нас ніхто не разганяе. Блізу гадзіны ідзе набажэнства, потым разыходзімся дадому.

У царкве адзначаюць, што ў «Новага жыцця» больш за 1500 вернікаў.

ФОТА: З ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛА ЦАРКВЫ «НОВАЕ ЖЫЦЦЁ»

Што кажуць у ЖРЭА?

Мы папрасілі ЖРЭА Маскоўскага раёна апісаць сваё бачанне сітуацыі з былым будынкам царквы. Выканаўца абавязкаў дырэктара Максім Цішук звяртае ўвагу, што ў лісце прапануецца пакрыць суму добраахвотна.

– Пакуль мы чакаем ад прадстаўнікоў царквы пісьмовы адказ. Ад гэтага залежыць, што будзем рабіць далей.

– Вы пазначылі: «панесеныя выдаткі». Кім яны панесеныя?

– Выдаткі панесла ЖРЭА. З 2009 года, калі пасля судовага загаду будынак перайшоў да нас, на нас лёг і цяжар выплаты падаткаў.

– Чаму такая вялікая сума?

– Прайшло шмат гадоў, плюс надзел зямлі да гэтага будынка адносіўся вялікі – 1,5 гектара (верагодна, гаворка ідзе пра плошчу 1,62 гектара, якую агучвалі раней. – Заўвага.). Толькі летась ці залетась мы яго паменшылі да 15 сотак.

У ЛЮТЫМ БУДЫНАК ЦАРКВЫ ЎСКРЫЛІ
ФОТА З САЙТА: TUT.BY

Цяпер будынак, з якога выселілі царкву, пустуе.

– Выклікалі БРТІ, робім тэхпашпарт на будынак. На яго вырабляюцца дакументы, таму што з тых часоў, як супольнасць яго набыла, новых дакументаў не з'явілася, гэта ўсё яшчэ будынак сельгаспрызначэння. Каб увесці яго ў гаспадарчы зварот, патрэбныя дакументы, якія будуць дзейнічаць на сёння. За 11 гадоў супольнасць не развязала гэтае пытанне. Ёсць недагляд царквы – альбо з няведання, альбо з нежадання, але гэта не можа доўжыцца вечна: горад хвалюецца. Сітуацыя няпростая, але віны нашага прадпрыемства ў ёй няма.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках