25 красавiка 2024, Чацвер, 2:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мая змена доўжыцца 12 гадзін, за якія я атрымліваю ў сярэднім па 30 рублёў»

18
«Мая змена доўжыцца 12 гадзін, за якія я атрымліваю ў сярэднім па 30 рублёў»

Гісторыя самотнага бацькі, які вінен банку больш за 26 000 рублёў.

59-гадовы жыхар Віцебска Яўген Калычоў – самотны бацька, ён выхоўвае дваіх дзяцей. Шэсць гадоў таму ён развёўся з жонкай, адсудзіў сына і дачку, а потым вярнуўся з Бэльгіі на радзіму ў Беларусь. Дзякуючы ўказу № 240 сям'я атрымала льготны крэдыт і пабудавала аднапакаёвую кватэру. За яе штомесяц трэба выплачваць па 200 рублёў, плюс яшчэ 250 рублёў за аўтамабіль, які таксама набыты ў крэдыт. У гэтым годзе ў сям'і ўзніклі фінансавыя цяжкасці: апошнія тры месяцы плаціць за крэдыты няма чым. Цяпер праз нявыплаты пазык беларус можа страціць сваю маёмасць. Яго гісторыю расказаў myfin.by.

Яўген працуе таксістам. Некалькі гадоў таму знаёмы параіў яму купіць у салоне новы аўтамабіль на льготных умовах. Мужчына выбраў машыну Lada Largus за $12 500, аформіў крэдыт на 10 гадоў. Новы сямімесны ўніверсал, паводле ягоных слоў, стаў выдатнай падмогай у працы. Яўген уклаў дамову са службай таксі «Максім», яго прыбытак штомесяц складаў не менш за 1 400 рублёў.

- У 2019 годзе гэта былі нядрэнныя грошы, нам з дзецьмі на ўсё ставала. Але пачалася пандэмія каранавіруса, колькасць заказаў рэзка скарацілася. А потым я і сам прыхварэў - з'явіліся праблемы з сядалішчным нервам. Працаваць не мог, за крэдыты з'явілася запазычанасць.

На фінансавую дапамогу ад блізкіх мужчыну разлічваць не даводзіцца. Яўген гаворыць, што яшчэ падчас пандэміі спрабаваў знайсці працу праз біржу працы і нават працаўладкаваўся кіроўцам на дзяржпрадпрыемства. Але высветлілася, што, перш чым сесці за стырно, яму трэба самастойна адрамантаваць службовы аўтамабіль:

- Але я кіроўца, а не слесар, таму тут жа звольніўся.

Калі пачаліся праблемы са здароўем, Яўген на некалькі месяцаў застаўся без таго сціплага даходу, які атрымліваў дзякуючы пасажырскім перавозкам. Гаворыць, што з'явілася запазычанасць за абодва крэдыты.

Але калі ў адным банку сітуацыю ўдалося ўрэгуляваць і самотнаму бацьку пайшлі насустрач, даўшы адтэрміноўку, то ў другім банку дамовіцца не ўдалося. Яўгену прапанавалі выплаціць крэдыт, выплаціўшы блізу 26 600 рублёў. Такіх грошай у яго не было.

- У выніку ў мяне забралі аўто, бо яно з'яўляецца закладной маёмасцю. Цяпер банк спрабуе яго прадаць. А яшчэ судовыя выканаўцы апісалі рэчы, якія былі ў нас у кватэры. У пералік для канфіскацыі ўключылі стол-кнігу, на якім дзеці робяць урокі, старэнькія тэлевізар, пыласос, мікрахвалёўку, камоду, гадзіннік, прынтар і нават карціну на сцяне, — кажа Яўген.

Аўто судовыя выканаўцы ацанілі на 25 000 рублёў, усё, што было ў кватэры завінавачанага - на 415 рублёў. Можна было б выратаваць хаця б мэблю і бытавую тэхніку. 415 рублёў - невялікая сума, але нават яе ў сям'і на руках цяпер няма.

Мужчына падзарабляе таксістам у мясцовага прадпрымальніка, ездзіць на машыне, якую той яму дае. У выніку 70% заробку аддае гаспадару.

- Мая змена доўжыцца 12 гадзін, за якія я атрымліваю ў сярэднім па 30 рублёў. Сёння за такую суму ўтрох пражыць вельмі складана, не кажучы ўжо пра тое, каб вяртаць з яе крэдыты, - кажа ён і дадае, што апынуўся ў бязвыхаднай сітуацыі. Разлічваў за кошт крэдытаў палепшыць жыццё сям'і, але ў выніку стала толькі горш.

- Машына ўжо праз год пачала «сыпацца», рамонт патрабаваў грошай. Я ў няпростай сітуацыі: праз узрост на тую ж працу ў Расею ўжо не бяруць, ды і ў Віцебску з працай усё складана. Так што не ўяўляю, што зараз рабіць.

Са слоў мужчыны, адтэрміноўка ў выплаце другога крэдыту і вяртанне аўто маглі б развязаць праблему, але як пераканаць банк пайсці яму насустрач, самотны бацька не ведае.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках