ЗША паабяцалі адказаць, калі Расея стрэльне па спадарожніках
11- 27.10.2022, 21:38
- 16,508
Раней МЗС РФ прыстрашыла збіваць замежныя камерцыйныя спадарожнікі за дапамогу Украіне.
Усякі напад на інфраструктуру ЗША пацягне за сабой адказ, заявіў афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі пасля таго, як у Міністэрстве замежных спраў Расеі прыстрашылі збіваць замежныя камерцыйныя спадарожнікі за дапамогу Украіне.
Ён не ўдакладніў, якім будзе адказ ЗША. Аднак, са слоў Кірбі, агульнадаступная інфармацыя сведчыць аб тым, што расейцы спрабуюць авалодаць супрацьспадарожнікавымі тэхналогіямі.
Раней намеснік дырэктара дэпартамента нераспаўсюджання і кантролю над узбраеннямі МЗС РФ Канстанцін Варанцоў заявіў, што Расея будзе ўважаць за «законныя цэлі» заходнія камерцыйныя спадарожнікі, калі іх выкарыстоўваюць на вайне для дапамогі Украіне.
На пачатку кастрычніка Мінабароны РФ расказала аб правядзенні нейкіх "эксперыментаў" з замежнымі спадарожнікамі, для чаго прыцягваліся спецыялісты Галоўнага цэнтра выведкі касмічнай сітуацыі. Пасля гэтага ўкраінскія вайскоўцы, якія праводзяць контрнаступ на поўдні і ўсходзе краіны, сталі скардзіцца на хібы ў дзейнасці тэрміналаў Starlink, якія належаць прыватнай амэрыканскай кампаніі SpaceX Ілона Маска. Найбольш пільнай была праблема вакол Херсонскай і Запарожскай абласцей, але сувязь знікала і ўздоўж лініі фронту ва ўсходнім Харкаве, Данецку і Луганску.
Сам Маск казаў, што Расея актыўна спрабуе "забіць" Starlink, праз што ягонай кампаніі даводзіцца выдаткоўваць "велізарныя рэсурсы" на яе абарону, аднак нават нягледзячы на гэта, рызыка яе поўнага знішчэння захоўваецца. Таксама Маск сцвярджаў, што «Starlink – адзіная сістэма сувязі, якая ўсё яшчэ працуе на фронце, усе астатнія – мёртвыя».
Вядома, што Украіна купіла доступ да інфармацыі са спадарожнікаў фінскай кампаніі ICEYE. На гэта выдаткавалі ахвяраванні жыхароў. Першапачаткова сродкі збіралі на куплю трох турэцкіх беспілотнікаў «Байрактар», але ў выніку дроны Кіеву проста падарылі. Са слоў міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава, толькі за першыя два дні дзейнасці спадарожнікі ICEYE дапамаглі выявіць больш за 60 адзінак баявой тэхнікі расейскага войска. Ён дадаў, што агулам для дапамогі УСУ выкарытоўваюцца блізу 20 фінскіх касмічных апаратаў.