Падпалкоўнік у маршальскім мундзіры
25- 9.10.2022, 21:26
- 22,216
Лукашэнка хацеў вайсковай славы, але стаў героем мэмаў.
Лукашэнка, як ён сам неяк прызнаўся, марыць пра пагоны палкоўніка расейскага войска, піша Віктар Багдзевіч для «Радыё Свабода». Пуцін яму гэты вайсковы ранг даўно абяцаў, але абяцанні не выканаў. На гэта Лукашэнка публічна наракаў за два тыдні да пачатку вайны, 6 лютага, у інтэрв'ю расейскаму прапагандысту Салаўёву:
«Я падпалкоўнік паводле рангу. Я ж не магу сабе генералісімуса зорку павесіць ці генеральскую. Пуцін - палкоўнік, абяцаў мне палкоўніка даць, дагэтуль не даў».
Пытанне пра вайсковы ранг Лукашэнкі даволі туманнае. Службу ў Савецкім войску ён пакінуў у 1982 годзе, займаўшы перад гэтым пасаду намесніка камандзіра роты ў палітчастцы. На тагачасным фота на плячах у яго пагоны старшага лейтэнанта. Падпалкоўнікам запасу ён стаў без усялякай вайсковай службы ўжо ў 90-я, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Была тады такая практыка: падвышаць вайсковыя рангі «народным абраннікам».
Зрэшты, з пагонамі і ў мундзіры падпалкоўніка Лукашэнку, здаецца, ніхто і ніколі не бачыў. Прыкладна з сярэдзіны нулявых ён пачаў з'яўляцца на парадах і вайсковых манеўрах у генеральскім мундзіры і з генеральскімі пагонамі даволі дзіўнага выгляду: з выявай вышытага герба, але без генеральскай ці маршальскай зоркі. У СССР такія пагоны з гербам мелі толькі маршалы Савецкага Саюза. Ну і адзіны ў гісторыі Савецкі генералісімус - Сталін.
З пачаткам вайны Лукашэнка пачаў надзяваць вайсковы мундзір часцей, чым звычайна. Апошні раз - на нарадзе з генераламі 4 кастрычніка. Як і Сталін, ён аддае перавагу маршальскаму мундзіру без усялякіх ордэнаў і вайсковых значкоў. Праўда, Іосіф Вісарыёнавіч рабіў невялікае выключэнне: чамусьці насіў залатую зорку Героя Сацпрацы, якую яму ўручылі ў 1939 годзе.
У артыкуле пра Лукашэнку ў Вікіпедыі радок «удзел у бітвах», які раней быў пусты, нядаўна папоўніўся надпісам: «уварванне ва Украіну». Магчыма, калі б гэтая вайна пайшла паводле тых планаў, якія складаў Пуцін, Лукашэнка атрымаў бы ад яго не толькі пагоны расейскага палкоўніка, але і маршальскае жазло. Але пакуль самы знакаміты эпізод вайны з удзелам Лукашэнкі, які шырока разышоўся па свеце і стаў мэмам з мільённымі праглядамі, — гэта сказаная Лукашэнкам у пачатку вайны фраза: «А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад...» са спробай аргументаваць агрэсію тым, што Украіна нібыта сама збіралася атакаваць Беларусь. Гэтым, мусіць, Лукашэнка і ўвойдзе ў гісторыю гэтай вайны.