Трохразовага чэмпіёна свету ў футболе Пэле шпіталізавалі
7- 30.11.2022, 21:45
- 6,704

У легендарнага футбаліста апухласць і сэрцавая недастатковасць.
Трохразовы чэмпіён свету ў футболе бразілец Пэле зноў шпіталізаваны. Пра гэта ў сераду паведаміў тэлеканал ESPN.
Паводле інфармацыі крыніцы, медыцынскі персанал паведаміў аб шматлікіх апухласцях і сэрцавай недастатковасці ў трохразовага чэмпіёна свету. Таксама ў шпіталі паведамілі, што хіміятэрапія, якую Пэле праходзіў на працягу апошніх месяцаў, не зрабіла ўплыву на пухліны ў арганізме бразільца.
У верасні 2021 года Пэле перанёс аперацыю выдалення пухліны ў тоўстай кішцы. 8 снежня ён быў планава шпіталізаваны для праходжання лячэння. Пазней тэлеканал ESPN паведаміў, што ў Пэле былі знойдзены пухліны ў кішачніку, пячонцы, а таксама ў лёгкім на пачатковай стадыі.
Пэле 82 гады, ён з'яўляецца адзіным трохразовым чэмпіёнам свету ў футболе (1958, 1962, 1970). Ён правёў у складзе каманды Бразіліі 92 матчы і забіў 77 галоў. Пэле прызнаны найлепшым футбалістам XX стагоддзя паводле версіі Міжнароднай федэрацыі футбола. Форвард выступаў за бразільскі "Сантас" (1956-1974) і амэрыканскі "Нью Ёрк Космас" (1975-1977). Бразілец занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як аўтар 1279 галоў за кар'еру.