4 чэрвеня 2024, aўторак, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі генерал Гарашчук: Лукашэнка будзе боўтацца на шыбеніцы

27
Украінскі генерал Гарашчук: Лукашэнка будзе боўтацца на шыбеніцы
ПЯТРО ГАРАШЧУК

Трыбунал над ваеннымі злачынцамі абсалютна рэальны.

Былы намеснік начальніка ўправы выведкі Міністэрства абароны і экс-прадстаўнік місіі Украіны пры NATO генерал Пятро Гарашчук у інтэрв'ю Аляксею Гоману, якое выйшла на YouTube канале «У гасцях у ГАрдОна», расказаў аб вайсковай дапамозе краін NATO, перспектывах вызвалення акупаваных тэрыторый, пагрозе з боку Беларусі, ролі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны і крымінальнай адказнасці найвышэйшага расейскага кіраўніцтва.

Аб выбухах у РФ

Украіна ў стане вайны. Чаму мы не маем права наносіць удары па вайсковых аб'ектах на тэрыторыі краіны-агрэсара? Мы дазваляем ім узнімаць у паветра стратэгічныя бамбавікі, каб наносіць удары. А мы не маем права? Мне цяжка гэта зразумець.

Палітычная воля, задача мае быць пастаўленая. Мы маем Сілы спецыяльных аперацый. З партнёрамі дамовіцца, якія сродкі знішчэння, па якіх вайсковых аб'ектах (не па цывільных пакуль) і цэнтрах вайсковага кіравання краіны-агрэсара маюць быць нанесеныя ўдары - па вайсковых складах, па камунікацыях (напрыклад, як Крымскі мост). Калі ў нас не стае сілы, ёсць заходнія партнёры. Даўно такія спецыяльныя аперацыі мелі быць праведзеныя на аб'ектах на тэрыторыі Расеі ды Беларусі. Як мы дазваляем наносіць удары па сваёй тэрыторыі? Трэба выпярэджваць, наносіць удары - гэта будзе правільна, годна нашай дзяржавы.

Аб пагрозе ўварвання з Беларусі

Беларусь выдала сваю тэрыторыю для размяшчэння войскаў агрэсара, адтуль узнімаюцца перыядычна самалёты МіГ-31 з "Кінжаламі". Барані Бог, кіраўніцтва Беларусі прыме пастанову аб наступе на Украіну з войскамі РФ. Гэта будзе катастрофа для Беларусі і беларускага народа. [Аляксандр] Лукашэнка – як на распаленай патэльні. Ён будзе другім пасля [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна боўтацца на шыбеніцы.

Паводле ўсіх міжнародных законаў краіна, якая дае сваю тэрыторыю для ўзброенай агрэсіі, з'яўляецца краінай-агрэсарам. Але яны яшчэ не паслалі сваіх жаўнераў, брыгады баяздольныя. Я не ўсё магу казаць, але ўпэўнены, што мы маем групоўку, здольную знішчыць падраздзяленні, якія будуць нападаць з боку Беларусі.

Аб адказнасці Расеі

Трыбунал над вайсковымі злачынцамі Расеі абсалютна рэальны. Але акрамя размоў маюць быць дзеянні. Трэба ўжо рабіць гэты міжнародны суд, прозвішчы суддзяў маюць ужо быць на ўсіх сайтах, і да Пуціна таксама мае быць даведзена, што канкрэтныя суддзі будуць судзіць галоўных ваенных злачынцаў. Але асноўнае - трэба выкінуць Расею з Рады Бяспекі ААН.

Я надоечы праязджаў Бучу, Ірпень, іншыя месты Кіеўскай вобласці. Я б хацеў там на плошчах убачыць ужо пастаўленыя шыбеніцы для галоўных ваенных злачынцаў РФ. І маюць быць там шыбеніцы для прэзідэнтаў.

Акрамя вісельні для расейскага прэзідэнта, там мае быць і шыбеніца для паасобных украінскіх прэзідэнтаў. Як восем стратэгічных бамбавікоў Ту-160 і тры Ту-195, плюс 581 ракета, якімі цяпер наносяць удары па ўкраінскіх местах і сёлах, па ўкраінскай інфраструктуры, былі перададзеныя РФ? Мы кажам, што ўкраінскія міністры былі з расейскімі пашпартамі. Вось дзе цяпер міністр абароны Дзмітрый Саламацін (2012 год), Павел Лебедзеў (2012–2014 гады). Яны хаваюцца ў межах краіны-агрэсара. Вядома, яны мелі пашпарты. Гэта, на жаль, Службы бяспекі Украіны вялікія хібы.

Аб ракетных ударах па інфраструктуры Украіны

Удары па Украіне - гэта канвульсіі расейскага палітычнага кодла. Там унутры Расеі адбываюцца свае працэсы.

Пуцін не захоча браць віну на сябе - не царская гэта справа. Вінаватымі ён назаве генералаў. Хоць калі заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўгеній Прыгожын і кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заклікалі сарваць пагоны з [начальніка Генеральнага штаба РФ Валерыя] Герасімава і [міністра абароны РФ Сяргея] Шойгу ды жаўнерамі адправіць іх на фронт, Пуцін зразумеў, што перабраў, развязаўшы язык Кадыраву. І мы бачылі, як ён узнагародзіў Шойгу і Герасімава.

Генералы на чале з Шойгу не хацелі б прыняць на сябе адказнасць за гэтую агрэсію супраць суседняй дзяржавы. Яны жадаюць быць на плаве. Але не выйдзе. Усіх трэба прыцягнуць да адказу.

Аб дапамозе краін Захаду Украіне

Краіны NATO будуць нарошчваць дапамогу Украіне. Сродкаў супрацьпаветранай абароны яны маюць вельмі шмат.

Нам трэба дакладна цяпер адрозніваць: вайна з нашага боку справядлівая, нашы жаўнеры мужна абараняюць сваю зямлю, а з боку РФ - гэта захопніцкая вайна. Жаўнер РФ не матываваны абсалютна, таму цяпер яны на ўсіх кірунках пераходзяць да стратэгічнай абароны. Яны не ўзялі Кіеў, прычынілі моцныя разбурэнні ўкраінскім прыфрантавым местам, але гэта не зламала супраціў нашых грамадзян. Украінцы вытрымаюць гэтую вайну, і перамога абавязкова будзе за намі.

Мы маем найбліжэйшую задачу - гэта выхад на межы да 24 лютага 2022 года, а наступная (палітычная і эканамічная) - поўнае вызваленне Украіны ад гэтай поскудзі. Гэта вызваленне Данецкай і Луганскай абласцей і Крыма. У Крамлі ўжо пра гэта думаюць і рыхтуюць шляхі адыходу для галоўнага ваеннага злачынцы. Але за намі маюць быць таксама дзеянні.

NATO дае абарончую зброю, каб абараняць нашу краіну. Чаму? Раззброіла Украіну не толькі наша недалужнае кіраўніцтва, якое здало трэці ў свеце ядзерны патэнцыял, прызначаны для абароны дзяржавы, а потым і аддалі Расеі танкі, самалёты, ракеты і нічога абсалютна не зрабілі для абароны дзяржавы. На жаль, Захад таксама мае дачыненне да раззбраення Украіны - Будапэшцкі мэмарандум.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках