Навукоўцаў здзівіла тое, кім аказаўся «найстаражытнейшы жыхар» Брытаніі
- 20.05.2026, 21:49
- 1,102
У Паўночнай Брытаніі знайшлі парэшткі дзяўчынкі, якая жыла 11 тысяч гадоў таму.
Археолагі ідэнтыфікавалі найстаражытнейшыя чалавечыя парэшткі, знойдзеныя на поўначы Брытаніі. Яны належалі дзяўчынцы, якая жыла каля 11 тысяч гадоў таму — неўзабаве пасля заканчэння апошняга ледавіковага перыяду. Праца апублікаваная ў часопісе Proceedings of the Prehistoric Society (PPS).
Парэшткі выявілі ў пячоры Хінінг-Вуд-Боун-Кэйв у графстве Камбрыя падчас раскопак, якія праводзіў мясцовы археолаг-самавук Марцін Стэйблс. Знаходка стала адным з найбольш пераканаўчых сведчанняў мезалітычных пахаванняў у паўночнай частцы Брытаніі.
Праз тры гады міжнародная група навукоўцаў пад кіраўніцтвам спецыялістаў з University of Lancashire здолела атрымаць ДНК з парэшткаў. Аналіз паказаў, што дзіця было дзяўчынкай і памерла ва ўзросце прыблізна ад 2,5 да 3,5 года.
Паводле кіраўніка даследавання Рыка Пітэрсана, гэта першы выпадак, калі навукоўцам удалося настолькі дакладна вызначыць пол і ўзрост дзіцяці такой глыбокай даўніны.
Даследчыкі лічаць гэтае пахаванне трэцім па старажытнасці мезалітычным пахаваннем у паўночна-заходняй Еўропе. Яно таксама адносіцца да найранейшых сведчанняў прысутнасці чалавека ў Брытаніі пасля адступлення ледавікоў.
Дадатковыя знаходкі пацвердзілі, што пячора выкарыстоўвалася менавіта як месца пахавання. Археолагі знайшлі ўпрыгожанні ўзростам каля 11 тысяч гадоў: бусіны і зуб аленя з прасвідраванай адтулінай.
Навукоўцы адзначаюць, што ў сучасных супольнасцях паляўнічых-збіральнікаў пячоры нярэдка ўспрымаюцца як «уваход у свет духаў», і гэта можа тлумачыць іх выкарыстанне для пахаванняў у раннім мезаліце Паўночнай Еўропы.
Дзяўчынку назвалі «Оссік Лас» («дзяўчынка з Урсвіка») — па мясцовай дыялектнай назве вёскі Грэйт-Урсвік, побач з якой знаходзіцца пячора.
Даследаванне таксама паказала, што ў пячоры мэтанакіравана хавалі прынамсі васьмі чалавек у розныя эпохі. Найпазнейшыя пахаванні адносяцца да ранняга бронзавага веку каля 4 тысяч гадоў таму, іншыя — да неаліту ўзростам прыкладна 5,5 тысячы гадоў.
Падобныя знаходкі надзвычай рэдкія для паўночнай Брытаніі: ледавікі моцна змянілі ландшафт рэгіёна і знішчылі многія сляды старажытных паселішчаў. Да гэтага найстаражытнейшымі чалавечымі парэшткамі на поўначы краіны лічылася пахаванне ўзростам каля 10 тысяч гадоў, знойдзенае ў пячоры Кентс-Бэнк у 2013 годзе.