Уладальнікам дач і гаражоў у Беларусі рыхтуюць сюрпрыз
- 31.10.2026, 11:09
- 2,798
Змены настануць з 7 снежня.
У Беларусі пашыраецца абмен інфармацыяй пра ўладальнікаў зямельных участкаў і размешчанай на іх нерухомасці. Таму ўладальнікам дач і гаражоў, у якіх дакументы на зямлю або пабудовы аформлены не цалкам, варта высветліць, ці патрабуецца дзяржаўная рэгістрацыя, паведамляе праект wikidom.by.
З 7 снежня гэтага года ўступае ў сілу пастанова Савета Міністраў № 531, якая ўстанаўлівае парадак перадачы звестак аб аб’ектах, правы на якія не зарэгістраваныя або не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі.
У першую чаргу правілы закрануць садоўніцкія таварыствы, дачныя аб’яднанні і гаражныя кааператывы. Яны павінны будуць падаваць звесткі аб выкарыстоўваемых зямельных участках і аб размешчаных на іх аб’ектах нерухомасці па афіцыйных запытах упаўнаважаных арганізацый. Гаворка, у тым ліку, пра садовыя дамкі, дачы і гаражы, звесткі пра якія адсутнічаюць у дзяржаўных рэгістрацыйных даных.
Якія звесткі будуць збіраць?
Чыноўнікі будуць атрымліваць такія звесткі:
адрас і плошча зямельнага участка;
прозвішча, імя, імя па бацьку ўладальніка, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар і грамадзянства;
звесткі пра аб’екты нерухомасці, размешчаныя на участку;
інвентарныя і іншыя ўліковыя нумары, калі яны ёсць;
звесткі пра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, калі яны з’яўляюцца праваўладальнікамі.
Інфармацыя будзе перадавацца праз сістэму міжведамаснага электроннага дакументаабароту або па пісьмовым запыце. Тэрмін прадастаўлення звестак — не пазней за 10 рабочых дзён з дня атрымання афіцыйнага запыту.
Новыя правілы дазволяць дзяржаўным органам атрымліваць больш поўныя звесткі пра землекарыстальнікаў і нерухомасць, у тым ліку ў сітуацыях, калі правы на участак або пабудову не аформлены ў устаноўленым парадку.
Пры гэтым важна разумець: сама пастанова не азначае, што з 7 снежня ўсе незарэгістраваныя дачы і гаражы аўтаматычна стануць незаконнымі або што іх уладальнікаў пачнуць масава штрафаваць. Дакумент рэгулюе перш за ўсё парадак перадачы інфармацыі.
Аднак уладальнікам дач і гаражоў, у якіх дакументы на зямлю або пабудовы аформлены не цалкам, варта праверыць свой прававы статус і высветліць, ці патрабуецца дзяржаўная рэгістрацыя ў іх канкрэтным выпадку.