Навукоўцы знайшлі спосаб перамагчы страх перад размовай з незнаёмцамі
4- 21.12.2022, 17:41
- 7,990
Ёсць спосаб узмацніць упэўненасць у сабе.
Псіхолагі з універсітэта Сасэкса знайшлі спосаб пазбавіцца ад страху размаўляць з незнаёмцамі. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Journal of Experimental Social Psychology.
У даследаванні ўзялі ўдзел 286 добраахвотнікаў. Рэспандэнты павінны былі цягам пяці дзён выконваць 29 заданняў у спецыяльна распрацаванай гульні - у кожнай удзельнікам прапаноўвалася знайсці гульца, які адпавядае прыведзенаму ў дадатку апісанню. Такім чынам добраахвотнікі былі змушаныя гутарыць з незнаёмцамі. Яны таксама мусілі прайсці апытанне да і пасля гульні.
Вынікі паказалі, што з кожным днём удзельнікі адчувалі сябе менш няёмка, больш упэўнена і менш чакалі адмовы ў размове ад незнаёмцаў. Гэтыя вынікі захоўваліся па меншай меры цягам тыдня пасля заканчэння даследавання.
«Усё большая колькасць навукоўцаў б'юць трывогу наконт павышэння ўзроўню адзіноты, што выклікае цяжкія наступствы для здароўя. Паўторны досвед размоваў з незнаёмцамі можа зменшыць страхі людзей перад стасункамі з іншымі людзьмі і зрабіць іх больш упэўненымі», - заявілі даследнікі.