Камандзір палка «Азоў» звярнуўся да Пуціна
17- 30.07.2022, 20:10
- 24,806
«Цяпер «Азоў» - гэта ўся Украіна».
Забойства расейцамі палонных украінскіх вайскоўцаў, якія ўтрымліваліся ў калоніі ў Аленаўцы, з'яўляецца актам публічнага пакарання, заявіў камандзір палка «Азоў» Мікіта Надточый, піша «Люстэрка тыдня. Украіна».
«Мы расцэньваем удар па Аленаўцы як акт публічнага пакарання. Расея ўчыніла яго ад беспакаранасці. Яны звыклі, што іх ніхто не прыцягне да адказнасці нават за парушэнне законаў, звычаяў і правілаў вядзення вайны», - падкрэсліў вайсковец.
Камандзір «Азова» адзначыў, і Украіна, і пабрацімы загінулых не пакінуць гэтае злачынства беспакараным. Вайскоўцы палка ўжо выяўляюць імёны, якія маюць дачыненне да разбурэння калоніі і арганізатараў смяротнай кары.
«У нас ёсць папярэдняя інфармацыя, але мы пакуль не гатовы яе агучваць. Мы знойдзем іх, дзе б яны ні знаходзіліся: на акупаваных тэрыторыях Украіны, у Расеі ці трэціх краінах. Украіна як дзяржава забяспечыць справядлівае пакаранне», - дадаў Надточый.
Расея заявай сваёй амбасады ў Вялікабрытаніі фактычна прызнала сваё дачыненне да злачынства. Зварот камандзір палка скончыў пасланнем расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, які «асабіста нясе адказнасць за гэтае ваеннае злачынства.
«Я хачу нагадаць Пуціну, што ў доме павешанага аб вяроўцы не гавораць. Вы самі будзеце пакараныя разам са сваімі шакаламі і пасольствамі, паводле пастановы міжнароднага трыбунала. Расея думае, што забіла «Азоў», пакарала смерцю. Але «Азоў» зараз - уся краіна. Кожны ўкраінец будзе помсціць за кожнага нашага закатаванага і загінулага пабраціма», - рэзюмаваў ён.