Інструктары НАТА: Нам трэба пераймаць досвед Украіны
- 19.09.2026, 18:58
Альянс дагэтуль жыве паводле канонаў мірнага часу
Украінскія вайскоўцы працуюць у тэмпе, да якога заходнім арміям складана адаптавацца, а працэсы закупак, падрыхтоўкі і развіцця ўзбраенняў у краінах НАТА часта застаюцца значна больш павольнымі. Пра гэта піша Business Insider са спасылкай на заходніх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы ўкраінскіх байцоў на тэрыторыі Польшчы.
Адзін з ключавых прыкладаў выданне называе аперацыю Legio, якую Нарвегія праводзіць ва ўсходняй Польшчы. На базе Camp Jomsborg шматнацыянальныя каманды навучаюць украінскіх вайскоўцаў, якія, у сваю чаргу, перадаюць атрыманы на фронце досвед арміям краін НАТА.
Афіцэр, адказны за каардынацыю навучальнага працэсу, маёр Джон распавёў Business Insider, што лягер фактычна знаходзіцца «ў ментальнай і геаграфічнай сярэдзіне паміж вайной на ўсходзе і мірным часам на Захадзе».
Паводле яго слоў, галоўная праблема — у розніцы тэмпаў. Украіне патрэбныя падрыхтоўка і абсталяванне ў найкарацейшыя тэрміны, у той час як заходнія вайсковыя структуры прывыклі працаваць паводле доўгатэрміновых планаў. «Захад прызвычаіўся да працяглых гарызонтаў планавання. Украіне патрэбны вынік цяпер», — сказаў Джон.
У той жа час, адзначае выданне, аперацыя Legio дэманструе, што заходнія структуры здольныя паскарацца, калі ўзнікае такая патрэба. Сам лягер Jomsborg абсталявалі пасярод лесу ўсяго за некалькі месяцаў. Вучэбная праграма таксама пастаянна змяняецца: украінскія інструктары і вайскоўцы, што вяртаюцца з фронту, перадаюць новыя ўрокі вайны, пасля чаго навучальную інфраструктуру, у прыватнасці сетку акопаў, неаднаразова перабудоўвалі.
Камандуючы вучэннямі нарвежскі брыгадны генерал Атле Мольдэ падкрэсліў, што праблема датычыцца не толькі навучання. Паводле яго слоў, мірныя правілы закупак і мадэрнізацыі ўзбраенняў штодзённа ствараюць цяжкасці для нарвежскай арміі. Украінскі падыход, наадварот, прадугледжвае значна больш хуткае ўнясенне змяненняў непасрэдна падчас баявых дзеянняў.
Мольдэ прывёў прыклад беспілотнікаў: у заходняй сістэме абнаўленне можа цягнуцца месяцамі, тады як ва Украіне інжынеры, знаходзячыся блізка да фронту, могуць змяняць праграмнае забеспячэнне кожныя некалькі дзён або тыдняў у адпаведнасці з рэальнымі патрэбамі.
Украінскі досвед прымушае саюзнікаў пераглядаць уласныя падыходы да бюракратыі, рызыкі і ўзаемадзеяння з абароннай прамысловасцю. У той жа час заходнія вайскоўцы прызнаюць: перавага Украіны ў хуткасці часткова тлумачыцца самім характарам вайны, які стварае тэрміновасць, якой у мірных армій звычайна няма.
Пра неабходнасць пераймаць гэты досвед гавораць і на ўзроўні НАТА. Так, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заклікаў скараціць бюракратычныя бар’еры ў сферы абаронных закупак і трансгранічнага рэгулявання. Паводле яго слоў, Альянсу патрэбная маштабная трансфармацыя абароннай прамысловасці, каб заходнія арміі маглі хутчэй рэагаваць на новыя выклікі.