28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фрыстайліст Дашчынскі, які падтрымаў пратэсты, паспяхова трэніруе аўстралійцаў

4
Фрыстайліст Дашчынскі, які падтрымаў пратэсты, паспяхова трэніруе аўстралійцаў

У ягоных выхаванцаў ёсць залатыя медалі.

У жніўні 2022-га двухразовы прызёр Алімпіяды Зміцер Дашчынскі пакінуў пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Беларусі ў фрыстайле, якая пасля пачатку вайны ва Украіне трапіла пад міжнародны бан. Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 спецыяліст не цураўся публічнай падтрымкі рэпрэсаваных калег. Напрыклад, Дашчынскі назваў маразмам прадузятае стаўленне кіраўнікоў беларускага фрыстайлу да чэмпіёнкі свету Аляксандры Раманоўскай. Праз цяжкасці, прынесеныя рэжымам Лукашэнкі, спартоўцы давялося шукаць сябе па-за спортам, піша «Трыбуна».

Сам Дашчынскі без працы ў спорце не застаўся. Пасля расстання з нацыянальнай камандай трэнер з сям'ёй пераехаў у Аўстралію, дзе прадоўжыў працаваць у фрыстайле.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Дашчынскаму сталі пісаць аўстралійскія спартоўцы з пытаннямі пра вайну і абстаноўку ў Беларусі. З'явіліся размовы пра магчымы пераезд беларуса на Зялёны кантынент з мэтай узначаліць мясцовую каманду. Першую канкрэтную прапанову супрацоўніцтва Дашчынскі атрымаў у пачатку мінулага лета. Спецыяліст першы час сумняваўся, але потым надумаў паспрабаваць свае сілы на новым месцы.

Адной з галоўных умоваў пераезду было тое, што Зміцер хацеў жыць у Аўстраліі з сям'ёй – бок, які прымае, не стаў супраціўляцца. Таксама коўч думаў пра будучыню сваіх дзяцей – 15-гадовага Данілы і 10-гадовага Сцяпана. Хлопчыкі не былі ў захапленні ад якасці сістэмы адукацыі ў Беларусі, таму да пераезду ў новую краіну паставіліся з энтузіязмам.

Так Дашчынскі пачаў працу ў Брысбене, дзе, паводле ягоных словаў, умовы для падрыхтоўкі фрыстайлістаў не горшыя, чым у Менску. Нягледзячы на спякотны клімат, у Аўстраліі нават можна трэніравацца на снезе. Побач з Мельбурнам размешчаная лыжная база «Маўнт Булер», дзе да натуральнага снегу дадаюць штучны. Апошні раз тут прымалі этап Кубка свету ў фрыстайле ў верасні 2005-га. Аўстралійскія схілы прыносілі медалі і Дашчынскаму: у 1999-м ён там браў бронзу, а праз чатыры гады срэбра.

У снежні 2006-га два этапы КС на «Маўнт Булер» скасавалі праз адсутнасць снегу. З тых часоў у Аўстраліі найлепшыя фрыстайлісты планеты не збіраліся, хоць там зноў задумаліся пра арганізацыю ў сябе этапу КМ.

Памочнік таксама алімпійскі прызёр

Кантракт з Дашчынскім падпісаны на адзін год. Сума выплатаў ніяк не залежыць ад выступаў фрыстайлістаў. Калі за сезон у беларуса не атрымаецца дамагчыся станоўчых вынікаў, то яму паабяцалі знайсці іншую працу ў аўстралійскім фрыстайле – на Зялёным кантыненце не звыкліся раскідвацца кваліфікаванымі кадрамі.

Першачарговай задачай перад новым галоўным трэнерам каманды Аўстраліі было падняць узровень мужчынаў, якія заўважна саступаюць у выніках жаночай камандзе, і пашырыць кола спартоўцаў для зборнай. Памочнікам беларуса стаў Дэвід Морыс – срэбны прызёр Алімпіяды-2014. Аўстраліец адказвае за тэхнічныя пытанні ў фрыстайлістаў – у гэтым кірунку ў яго пасада галоўнага трэнера. Увогуле Морыс першы коўч у камандзе з мясцовым пашпартам – да яго са зборнай на ключавых пазіцыях працавалі выключна замежнікі. Магчыма, пастанова запрасіць галоўнага трэнера з іншай краіны была прынятая пасля няўдалай для Аўстраліі Алімпіяды-2022: Лора Піл другія Гульні запар стала пятай, а мужчыны ўвогуле не адабраліся ў Пекін.

Дзяржава таксама дае грошы, але ідэалогіі і прэсу няма. Дашчынскі – пра тое, як уладкаваны фрыстайл у Аўстраліі і як маразм у Беларусі адбівае жаданне працаваць

Як выступаюць пры Дашчынскім

Калі б Дашчынскі застаўся ў камандзе Беларусі, то гэтай зімой з міжнародных спаборніцтваў у яго былі б толькі этапы створанага ў процівагу бану міжнароднай федэрацыі Кубка чэмпіёнаў, які праводзіцца з расейцамі. Першы этап стартаваў толькі ў мінулую суботу: у Краснаярску Ганна Дзяруга заваявала срэбра, а Макар Мітрафанаў – бронзу.

У гэты час Дашчынскі са сваімі новымі выхаванцамі ўжо прайшоў чатыры этапы КМ-2022/23, якія праходзілі ў фінскай Руцы, канадскім Ле Рэле (два этапы) і амерыканскім Дзір-Вэлі. У аўстралійскіх мужчынаў пакуль усе надзеі звязаныя з 27-гадовым Уізлі Нейларам. Мінулы сезон фрыстайліст закончыў на 42-й пазіцыі ў агульным заліку КС, а найлепшым дасягненнем у кар'еры было 24 месца на этапе КС у студзені 2022-га. Пасля працы з Дашчынскім аўстраліец абнавіў сваё найлепшае дасягненне ўжо на першым старце – Нейлар стаў 16-м у Руцы. Вось толькі развіць поспех неўзабаве Уізлі пакуль не наканавана. У Фінляндыі фрыстайліст парваў дзве звязкі калена, чаму гэты сезон для яго скончыўся. Цяпер Нейлар праходзіць рэабілітацыю ў Брысбене.

На трох наступных этапах у мужчынскай каманды Аўстраліі на старт ужо ніхто не выходзіў. У гэты час сусветны фрыстайл атрымаў новую зорку – 21-гадовага Дзмітрыя Катоўскага. Тры апошнія этапы ўкраінец нязменна прызямляецца ў тройцы прызёраў, а на апошнім старце ў Дзір-Вэлі і зусім стаў другім спартоўцам у гісторыі, які здолеў выканаць скачок з трайным сальта з пяццю шрубамі «фул-трыпл фул-фул». Да яго гэта здолеў зрабіць толькі амерыканец Джэрэт Петэрсан – віцэ-чэмпіён Алімпіяды-2010. 138,32 бала за спробу сталі новым рэкордам Украіны, а ўвогуле гэта шосты вынік у гісторыі лыжнай акрабатыкі.

Затое Дашчынскаму ёсць чым пахваліцца ў жанчынаў. Дзве ягоныя выхаванкі, з якімі ён знаёмы яшчэ з часоў уласных выступаў, – Даніэла Скот і Лора Піл пасля чатырох этапаў КС ідуць у топ-3 агульнага заліку. Першай не было роўных у Руцы і Дзір-Вэлі.

Піл жа ўзяла золата ў другім старце ў Ле Рэле.

Проста цяпер у агульным заліку КС у Скот 282 балы і пазіцыя лідаркі. Піл ідзе трэцяй, маючы 182 балы. Паміж аўстралійкамі знаходзіцца канадка Марыён Тэна, у якой 275 балаў, золата ў Ле Рэле і срэбра ў Рукі і Дзір-Вэлі.

Цяпер на парадку дня ў фрыстайлістаў чэмпіянат свету, які пройдзе ў другой палове лютага ў грузінскім Бакурыяні. Адзначым, што набраныя на ЧС балы не будуць улічвацца ў агульным заліку КС. Сезон-2022/23 фрыстайлісты даскачуць на двух сакавіцкіх этапах у швэйцарскім Энгадзіне і казахстанскай Алма-Аце.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках