На дзяржТВ паказалі кватэру «замежнага тэрарыста» ў Гародні
23- 21.03.2023, 15:23
- 31,380
Жыллё ў доме на вуліцы Курчатава здавалі на дзень.
На дзяржаўнай тэлевізіі паказалі затрыманне «замежнага грамадзяніна», які нібыта планаваў тэракты ў Гародні. На кадрах відаць, як сілавікі ўрываюцца ў кватэру па вуліцы Курчатава, 5 у абласным цэнтры. Журналісты zerkalo.io яе знайшлі.
Кватэру ў доме на Курчатава здавалі на дзень, за 50 рублёў. Мяркуючы з кадраў дзяржаўнай тэлевізіі і фатаграфій у аб'яве, «тэрарыст» пражываў менавіта ў ёй.
У тэксце пазначана, што ў «кватэры ёсць усё неабходнае для камфорту»: бытавая тэхніка аж да фена, камплект бялізны і ручнікоў. Кватэра «не здаецца для кампаній і забаўляльных мерапрыемстваў». А курыць арандатараў просяць на дварэ.
Апошні раз абвестку рэдагавалі 17 лютага. Мяркуючы са старонкі на «Куфары», яе здае нейкі Аляксандр. Аператыўна звязацца з мужчынам не ўдалося: нумар тэлефона схаваны, а на паведамленні на сайце аўтар аб'явы не адказвае.
Журналісты таксама паспрабавалі звязацца з жыхарамі дома на адрасе вуліца Курчатава, 5. Аднак жыхары пад'езда, у якім жыў загінулы, не здымалі слухаўку ці скідалі званкі.
Нагадаем, на "Беларусь 1" паказалі момант ліквідацыі замежніка ў Гародні. У сюжэце заявілі, што гэта быў расеец, закінуты ў Беларусь з тэрыторыі Польшчы, - Аляксей Мікалаевіч Ламакін 1981 года нараджэння. Аднак, як пазней высветлілася, дакументы мужчыны былі падробленымі.