Украіна дронамі разграміла элітны цэнтр падрыхтоўкі пілотаў РФ
- 21.05.2026, 7:57
- 3,354
Сталі вядомыя падрабязнасці аперацыі «Снег Ахмата».
Сілы беспілотных сістэм Украіны ў каардынацыі з СБУ уначы на 20 мая правялі аперацыю «Снег Ахмата», у межах якой быў знішчаны важны аб’ект расійскай арміі, размешчаны ў часова акупаваным Снежным на Данеччыне.
Ідзе гаворка пра аб’ект, дзе ажыццяўлялася падрыхтоўка пілотаў беспілотнікаў, а таксама вытворчасць баепрыпасаў і камплектуючых для БПЛА. Кадры аперацыі СБС апублікавалі на сваім YouTube-канале.
У выніку ўдару паражаныя вытворчыя і рамонтныя памяшканні аб’екта, дзе знаходзіліся чатыры браняваныя аўтамабілі «Тыгр», дастаўленыя на рамонт. Уся тэхніка была знішчана.
Акрамя таго, у выніку атакі быў ліквідаваны начальнік аб’екта — падпалкоўнік з пазыўным «Буры», а агульныя беззваротныя страты асабовага складу акупантаў склалі не менш як 65 чалавек. Ідзе пра курсантаў-спецназаўцаў 78-га палка спецыяльнага прызначэння «Север Ахмат».
Акрамя тэхнікі і асабовага складу, на аб’екце былі знішчаныя баепрыпасы і элементы, прызначаныя для вытворчасці беспілотных сістэм. У відэароліку паказаны не толькі кадры, знятыя украінскімі беспілотнікамі ў момант атакі, але і кадры наступстваў удараў, знятыя мясцовымі жыхарамі, якія даказваюць, што аб’ект акупантаў быў цалкам знішчаны.
У СБС адзначылі, што паражэнне падобных аб’ектаў змяншае магчымасці расійскай арміі па падрыхтоўцы экіпажаў БПЛА, рамонце бранятэхнікі і забеспячэнні падраздзяленняў на лініі фронту. Украінскія вайскоўцы дадалі, што на сёння такіх цэнтраў падрыхтоўкі ў акупантаў засталося ўсяго два.