23 траўня 2026, Субота, 4:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь пачала будаваць умацаванні на мяжы з Украінай

20
Беларусь пачала будаваць умацаванні на мяжы з Украінай
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Рэжым рыхтуецца да наступу беларускіх добраахвотнікаў?

На мяжы Беларусі і Украіны з'явіліся абарончыя ўмацаванні. Як паведамляе «Беларускі Гаюн», за 10 км ад Гомеля заўважылі «зубы цмока» – бетонныя супрацьтанкавыя загароджы.

Акрамя таго, недалёка ад месца, дзе пабудавалі «зубы цмока» ідзе будаўніцтва, як мяркуецца, фартыфікацыйных збудаванняў, адзначае выданне. На выездзе з пасёлка Калініна заўважылі спецыяльную тэхніку.

У той самы час Лукашэнка назваў інфармацыю пра падрыхтоўку контрнаступу Украіны «дэзынфармацыяй».

«Ніякага „контрнаступу“, з майго гледзішча, няма і быць не можа. Гэта проста вар'яцтва. Адзін да пяці на фронце ваяваць у тэхніцы і жывой сіле – гэта проста вар'яцтва! Не, трэба накручваць украінцаў для таго, каб прадаўжаць і ўтапіць нас у гэтым супрацьстаянні», – сказаў Лукашэнка падчас паседжання Рады Парламенцкай асамблеі АДКБ (цытата паводле БелТА).

«Зубы цмока» маюць квадратна-пірамідальную форму, яны зробленыя з жалезабетону. Вышыня адной загароджы складае ад 90 да 120 см. Такія ўмацаванні шырока выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны для спынення прасоўвання варожай тэхнікі і пяхоты.

На ўкраінскім фронце яны пачалі актыўна выкарыстоўвацца расейскімі войскамі пасля паспяховага ўкраінскага контрнаступу. У верасні будаваць умацаванні пачалі найміты ПВК «Вагнер», паведаміла выданне РІА ФАН. Іх назвалі «лініяй Вагнера», якая павінна была прадоўжыцца на ўсход ад расейска-ўкраінскай мяжы да Крамянной, а потым на поўдзень – да Светладарска. Выданне CNN паведамляла, што даўжыня лініі магла дасягнуць 217 км.

Акрамя таго, паведамлялася пра будаўніцтва «лініі» Сяргея Суравікіна на левым беразе Дняпра, куды адступілі расейскія войскі пасля здачы Херсона. Пра будаўніцтва «зубоў цмока» таксама паведамлялі губернатары памежных з Украінай рэгіёнаў, сярод іншага, кіраўнік Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках