Наваградак застаўся без вады
6- 1.06.2023, 21:03
- 9,664
У горадзе жыве 28 тысячаў чалавек.
Жыхары Наваградка 1 чэрвеня сутыкнуліся з «водным калапсам»: увесь горад застаўся без вады пасля аварыі. У горадзе жыве 28 тысячаў чалавек.
Прарыў водаправоду адбыўся на скрыжаванні вуліцаў Скарыны і Юбілейнай, піша мясцовая газета «Новая жизнь». Камунальнікі займаюцца рамонтам ва ўзмоцненым рэжыме, адпампоўваць ваду ім дапамагаюць ратавальнікі. Працы вядуцца на глыбіні 4 метры.
У вадаводзе дыяметрам 400 мм пашкоджаны сталёвы адрэзак. Патрабуецца поўны дэматаж трубы даўжынёй 1,5 м і замена яе на поліэтыленавую.
Па ўсім горадзе спыненая падача вады. «Вадаём па горадзе спынены, бо вадавод цэнтральны. Ён сілкуе ўвесь горад», – заявіў намеснік старшыні Наваградскага райвыканкама Аляксандр Грыц.
Ваду жыхарам дастаўляюць малакавозы і цыстэрна ЖКГ. Паводле звестак недзяржаўных СМІ, каля машынаў з вадой утварыліся чэргі.
Санслужба рэкамендуе выкарыстоўваць для піцця і прыгатавання ежы ваду, якая запакаваная і прадаецца ў крамах.
Пасля рамонту спецыялісты правядуць лабараторны кантроль якасці вады. Пра яго вынікі абяцаюць паведаміць дадаткова.