Палкоўнік СБУ: Пуціна ўпякуць у бункер і будуць дзяліць уладу
1- 1.07.2023, 21:18
- 7,680
Сярод расейскага ваеннага кіраўніцтва пачалося «паляванне на ведзьмаў».
Пасля мяцяжу, які зладзіў кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын, сярод расейскага вайсковага кіраўніцтва, магчыма, пачалося «паляванне на ведзьмаў». Першым пад раздачу патрапіў замкамандуючага аб'яднанай групоўкай расейскіх войскаў ва Украіне Сяргей Суравікін, які нібы падтрымліваў мяцежнікаў.
У інтэрв'ю Главреду вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу СБУ Міхаіл Прытула расказаў, чаму затрымалі Суравікіна, хто зараз кіруе Крамлём, як доўга Пуцін зможа кантраляваць уладу ў Расеі і калі расейскія ўлады завершаць вайну.
- Ці ёсць сэнс для Пуціна ў арышце Сурпвікіна? Бо ён быў адным з тых генералаў, якія ў дзень мяцяжу заклікалі Прыгожына раздумацца.
- Калі мы глядзім на гісторыю Расейскай Федэрацыі і змены ўлады ў Маскве, то павінны звяртаць увагу на многія дэталі. Ёсць старая мудрасць, якую ведаюць усе тыя, хто сядзеў за сталом у Пуціна - няма адказнасці за дзяржаўны мяцеж, ёсць адказнасць за спробу.
То бок, калі паспрабавалі і не атрымалася, то будзе адказнасць. Мы бачым, што адказнасці ў Прыгожына не было, а ён кудысьці ўцёк. Нешта адбываецца з Суравікіным, ці яшчэ нейкім генералам.
У 1991 годзе незадаволеныя палітыкай Гарбачова кіраўнікі Крамля вырашылі зладзіць путч ГКЧП. Яны схавалі Гарбачова ў Фаросе, а самі арганізавалі ГКЧП, увялі танкі ў Маскву, у Кіеў, пасля чаго Украіна стала незалежнай. Сёння сітуацыя аналагічная - Прыгожын ідзе на Маскву, пасля чаго Пуцін ляціць кудысьці на Валдай. Самалёт Мядзведзева таксама кудысьці ляціць, потым выходзіць нейкая асоба, падобная да Пуціна (але не такая харызматычная і трошкі не падобная) і замест таго, каб гаварыць сама меней паўгадзіны, як уласціва Пуціну, кажа ўсяго пяць хвілін. Пасля яшчэ раз кажа пяць хвілін. Чаму не зрабіць меркаванне, што гэта быў удалы дзяржаўны мяцеж, своеасаблівы ГКЧП-2? Пуціна схавалі недзе на Валдаі, ён там сядзіць і чытае даведкі аб тым, як усё дрэнна і што яму трэба там сядзець працяглы час. А тым часам ужо выставілі «двойку» - гэта тэрмін, якім у Крамлі называлі двайнікоў Пуціна.
Такім чынам, магчыма адбылося паспяховае паўстанне. Прыгожын спалохаў Пуціна. Магчыма, варыянт быў такім, што пасля марша Прыгожына, які ўсё ж такі пазіцыянаваўся як «чалавек Пуціна», іншыя генералы, якія спалохаліся, пасунулі б Пуціна, а Прыгожын бы кудысьці ўцёк.
Цяпер яны зразумелі, чаму арыштавалі Суравікіна, выкінулі Прыгожына і знішчылі яго «фабрыку троляў». Як следства, мы ўжо ўбачылі паседжанне новага ГКЧП-2. Так што гэта быў путч, які зрабілі так, што ніхто не здагадаўся. Цяпер Кааператыў Возера выцягнулі «двойку», каб усе ўбачылі, што Пуцін ёсць, а самі і далей будуць працягваць весці сваю вайну.
- Пра што наогул сведчаць падобныя дзеянні Крамля? Яны шукаюць зараз казлоў адпушчэння ў асобе гэтых генералаў?
- Не. Прыгожын - гэта абсалютны чалавек Пуціна. Пуцін нейкім чынам абапіраўся яшчэ і на войска, на Шайгу. Такім чынам яны не казлы адпушчэння, а такія ж удзельнікі путчу, але з іншага боку.
То бок, гэта людзі Прыгожына, якія, магчыма, былі адданыя Пуціну, таму што ён кідаў іх у самыя «гарачыя» месцы, як, напрыклад, Суравікіна, якога цяпер проста прэсуюць як свайго канкурэнта. Такім чынам яны вырашылі перайграць сітуацыю, і зараз камандаванне ўсёй Расеяй знаходзіцца ў руках гэтага калектыўнага ГКЧП.
- Калі Прыгожын ладзіў мяцеж, то казаў аб тым, што асноўная яго прычына - звольніць з пасады Герасімава і Шайгу. Пуцін зараз можа іх звольніць, ці на працягу найбліжэйшага часу, калі ўсё крышку сціхне?
- Пуцін абапіраўся на Шайгу, таму калі ён будзе яго звальняць, то страціць сваю падтрымку. Такім чынам становіцца не зусім зразумелай пазіцыя, калі Пуцін спачатку абяцае ягонае звальненне, але потым гэтага не робіць. Хутчэй за ўсё, Шайгу атрымаў перамогу ў гэтым баі, і сёння ў Крамлі знаходзіцца той Пуцін, які не будзе яго звальняць.
- Гэта значыць, Пуцін будзе гэтым цягнуць максімальна, так?
- Так, таму што Шайгу - гэта фактычна асоба, якая яго замяшчае. Гэта сакрэт палішынеля для Масквы - усе ведаюць, калі выступае «двойка», і бачым, што Пуцін часта трымае дыстанцыю ў некалькі метраў са сваімі прыхільнікамі, а на наступны дзень за рукі вітаецца з прадстаўнікамі афрыканскага кантынента. Таму ёсць нелагічныя моманты ў паводзінах Пуціна, і той асобы, якую нам паказалі пасля мяцяжу.
Логіка тут даволі простая. Калі мяцеж быў супраць Шайгу, і частка людзей яго падтрымалі і пайшлі за ім, то Пуціна схавалі, а Прыгожына прыбралі.
- А да чаго гэта можа прывесці для Пуціна, калі частка людзей з яго атачэння падтрымала Шайгу?
- Для Пуціна следствам гэтага плана можа стаць тое, што якое- той час ён будзе ў месцы, дзе яго будуць ізаляваць ад грамадства, пакуль не вырашаць, як будуць дзяліць уладу.
А потым «двойка» выйдзе, скажа: «Я стаміўся, я сыходжу», і ўлада будуць дзяліць ужо на выбарах. Тады, магчыма, і Шайгу стане прэзідэнтам Расеі, таму што фактычна ён быў другой асобай у дзяржаве.
- А на абараназдольнасці расейскага войска ўсе гэтыя мяцяжы і паддывановыя інтрыгі могуць адбіцца?
Мы бачылі, што ў Бахмуце насамрэч вырашаліся пытанні крамлёўскіх інтрыг - хто з іх возьме Бахмут за тры дні ці за 5 мільярдаў даляраў (а менавіта столькі, са слоў Пуціна, выдаткавалі на штурмы горада на працягу года). І, так бы мовіць, яны будуць лічыць грошы, бо навошта ім ужо той Бахмут? Магчыма, што яны будуць згортваць вайсковыя дзеянні, бо яны вырашылі свае пытанні, уладу перахапілі. Ды і вайна была патрэбна Пуціну, але не ўсім астатнім.
- Улічваючы паводзіны Пуціна ў гэтай сітуацыі, наколькі доўга ён у прынцыпе ў такім выпадку зможа ўтрымліваць уладу?
- Яшчэ да канца незразумела, што там адбылося. Але, хутчэй за ўсё, сітуацыя з мяцяжом, які адбыўся, жыццяздольная, і ў такім выпадку Пуцін ужо не мае ўлады.
У гэтага кіно, якое нам зараз паказваюць, ёсць шмат нелагічных момантаў. Для Украіны гэтая незразумеласць у Расеі мала што мяняе, таму што пакуль яны як ваявалі, так і далей будуць працягваць. Расейцы не будуць спыняць гэтую вайну, пакуль не вырашаць сваіх пытанняў размеркавання ўлады. Асобай небяспекі гэта не нясе, за выключэннем таго, што «вагнераўцы» з'явіліся ў Асіповічах непадалёк ад ядравай зброі. Таму як гавораць псіхіятры - будзем назіраць.