21 верасня 2026, панядзелак, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: не ўсім трэба спаць восем гадзін

1
Навукоўцы: не ўсім трэба спаць восем гадзін

Новае даследаванне перавярнула ўяўленні пра здаровы сон.

Восем гадзін сну не з'яўляюцца біялагічна абавязковай нормай для кожнага дарослага чалавека. Новы агляд навуковых даных сведчыць, што патрэба ў сне адрозніваецца ў розных людзей, а на яго якасць і карысць уплываюць таксама рэгулярнасць, час засынання і адпаведнасць цыркадчнаму рытму.

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Brain Medicine.

Адкуль узялося правіла васьмі гадзін

Даследчыкі прааналізавалі даныя антрапалогіі, гісторыі і параўнальнай геномікі, каб зразумець, як людзі спалі да з'яўлення электрычнага асвятлення, смартфонаў і сучаснага працоўнага графіку. Высветлілася, што сон чалавека гістарычна быў значна больш гнуткім, чым мяркуе папулярная схема «восем гадзін кожную ноч».

Для гэтага навукоўцы звярнуліся, у прыватнасці, да даследаванняў традыцыйных супольнасцяў паляўнічых-збіральнікаў. У людзей, якія жывуць без пастаяннага штучнага асвятлення, працягласць сну ў розных даследаваннях складала прыкладна 6,4–7,1 гадзіны на суткі.

Аднак з гэтага не вынікае, што ўсім дарослым дастаткова шасці гадзін. Самі даследчыкі адзначаюць: гэтыя даныя хутчэй дэманструюць, што чалавечы сон не мае адной фіксаванай працягласці, якая аднолькава падыходзіць усім.

Важныя не толькі гадзіны сну

Сучаснае жыццё істотна змяніла не толькі працягласць, але і час сну. Штучнае святло ўвечары можа адкладаць засынанне і ўплываць на ўнутраныя біялагічныя гадзіннікі, якія рэгулююць чаргаванне сну і няспання.

Яшчэ адна праблема — розніца паміж працоўнымі і выхаднымі днямі. Людзі часта спяць менш на працягу тыдня, а потым спрабуюць кампенсаваць недахоп сну больш доўгім адпачынкам у суботу і нядзелю. У выніку час засынання і абуджэння пастаянна змяняецца.

Таму аўтары агляду прапануюць глядзець на сон шырэй: ацэньваць не толькі колькасць гадзін, але і рэгулярнасць, час сну і ўзгодненасць з цыркадчным рытмам.

Колькі гадзін трэба менавіта вам

Нават аднолькавая працягласць сну можа па-рознаму адчувацца рознымі людзьмі. На патрэбу ў сне ўплываюць, у прыватнасці, узрост, стан здароўя і індывідуальныя біялагічныя асаблівасці.

Адно з даследаванняў, разгляданых у матэрыяле, выкарыстоўвала сканаванне мозгу і цела і малекулярныя паказчыкі, каб вывучыць сувязь паміж працягласцю сну і старэннем розных органаў. Для розных органаў і палоў даследчыкі вызначылі дыяпазон прыблізна 6,4–7,8 гадзіны як найбольш аптымальны для біялагічнага ўзросту ўдзельнікаў гэтага даследавання.

Але гэта не азначае, што менавіта такая колькасць гадзін з'яўляецца ўніверсальнай нормай. Для параўнання, Цэнтр кантролю захворванняў (CDC) цяпер рэкамендуе дарослым 18–60 гадоў спаць 7 або больш гадзін, людзям 61–64 гадоў — 7–9 гадзін, а пасля 65 гадоў — 7–8 гадзін.

То бок новы агляд не адмяняе рэкамендацыю спаць дастаткова. Ён хутчэй ставіць пад сумнеў ідэю, што кожны чалавек абавязкова павінен імкнуцца менавіта да васьмі гадзін незалежна ад уласных патрэбаў.

Навукоўцы знайшлі розныя тыпы сну

Яшчэ адно даследаванне, згаданае ў аглядзе, паказала, наколькі розным можа быць сон у людзей. Навукоўцы прааналізавалі даныя 770 здаровых маладых дарослых і з дапамогай паказчыкаў сну, работы мозгу, памяці, здароўя і ладу жыцця вылучылі пяць розных профіляў сну.

Адны ўдзельнікі мелі ў цэлым дрэнны сон, іншыя — наадварот, не скардзіліся на праблемы, хоць мелі іншыя псіхалагічныя або сацыяльныя асаблівасці. Яшчэ частка профіляў была звязаная з працягласцю сну, выкарыстаннем сродкаў для засынання, парушэннямі сну або кагнітыўнымі паказчыкамі.

Гэта ўзмацняе галоўную ідэю новай працы: сон — гэта не толькі колькасць гадзін.

Рэгулярнасць сну таксама ўплывае на здароўе

Яшчэ больш маштабны аналіз ахапіў 88 461 удзельніка UK Biobank, за якімі назіралі ў сярэднім каля 6,8 года. Даследчыкі вывучалі не толькі працягласць сну, але і час засынання, рэгулярнасць сутачнага рытму, эфектыўнасць сну і начныя пабуджэнні.

У выніку выявілі сувязі паміж рознымі характарыстыкамі сну і 172 захворваннямі. Пры гэтым значная частка асацыяцый была звязаная не з колькасцю гадзін, а з іншымі асаблівасцямі сну, у прыватнасці, з яго рытмам і рэгулярнасцю.

У той жа час гэта даследаванне не даказвае, што нерэгулярны сон непасрэдна выклікае гэтыя хваробы. Самі аўтары адзначаюць абмежаванні працы, у прыватнасці тое, што яе ўдзельнікі пераважна былі людзьмі сярэдняга і старэйшага ўзросту.

Дык колькі ж трэба спаць

Галоўная выснова новага агляду не ў тым, што пра правіла васьмі гадзін трэба забыць або што шасці гадзін сну дастаткова кожнаму. Ідзе гаворка пра іншае: восем гадзін — арыенцір, а не ўніверсальная біялагічная канстанта.

Для аднаго чалавека камфортнай можа быць працягласць каля сямі гадзін, іншаму патрэбна бліжэй да дзевяці. Важна таксама, ці прачынаецца чалавек адпачылым, ці не прачынаецца шмат разоў уначы і ці не адчувае пастаяннай дрымотнасці ўдзень.

Таму сучасны погляд на здаровы сон паступова адыходзіць ад простай арыфметыкі. Колькасць гадзін застаецца важнай, але не менш значнымі могуць быць рэгулярнасць, час сну і яго бесперапыннасць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках