Байдэн абвінаваціў Пуціна ў смерці Навальнага
35- 16.02.2024, 21:00
- 23,100
Прэзідэнт ЗША заявіў, што Пуцін нападае не толькі на грамадзянаў іншых краінаў, але і на ўласных.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 16 лютага выступіў у Белым доме з заявамі наконт смерці расейскага палітвязня Аляксея Навальнага.
Пра гэта Байдэн заявіў падчас спецыяльнага звароту, прысвечанага паведамленням пра смерць Навальнага.
Байдэн мяркуе, што расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін адказны за смерць Навальнага.
«Паведамленні пра ягоную смерць, калі яны праўдзівыя – а ў мяне няма падставаў меркаваць, што не, хоць расейскія ўлады раскажуць сваю ўласную гісторыю – не пакідаюць сумневаў: Пуцін адказны за смерць Навальнага», – заявіў прэзідэнт ЗША.
Байдэн заявіў, што Пуцін не толькі нападае на грамадзянаў іншых краінаў, як гэта адбываецца цяпер ва Украіне, але і робіць жудасныя рэчы са сваім уласным народам.
Байдэн назваў Навальнага «смелым і прынцыповым» чалавекам, які прысвяціў сябе развіццю Расеі, дзе пануе вяршэнства права.
Прэзідэнт ЗША таксама сказаў, што паведамленне пра смерць Навальнага павінна стымуляваць да фінансавання падтрымкі Украіны ў вайне супраць Расеі.
Паводле словаў Байдэна, Злучаныя Штаты павінны забяспечыць сродкі, «каб Украіна магла прадаўжаць абараняць сябе», а адсутнасць далейшага фінансавання Украіны ў гэты крытычны момант «ніколі не будзе забытая».
«Гадзіннік цікае, і гэта павінна адбыцца», – заявіў Джо Байдэн.