4 траўня 2024, Субота, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адна трагедыя: студэнт Акадэміі кіравання ў Менску скончыў жыццё самагубствам

11
Яшчэ адна трагедыя: студэнт Акадэміі кіравання ў Менску скончыў жыццё самагубствам

«Пайшоў з заняткаў пісаць тлумачальную».

Некалькі дзён таму пісалася аб здарэнні ў БДУІР: з пачатку года ў інтэрнатах універсітэта скончылі жыццё самагубствам трое студэнтаў. У сераду загінуў яшчэ адзін студэнт, але ўжо іншай ВНУ. Другакурснік Акадэміі кіравання выпаў з балкона 17-га паверха. Як мяркуецца, 18-гадовы хлопец скончыў жыццё самагубствам, піша «Зеркало».

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў Студэнцкай вёсцы. Інтэрнат №9 на вуліцы Чурлёніса належыць БДЭУ, але жывуць там студэнты яшчэ трох універсітэтаў. Як распавяла «Зеркалу» студэнтка эканамічнага ўніверсітэта Марына, якая жыве там, верхнія паверхі належаць БДТУ, БДУФК і Акадэміі кіравання.

- Даведалася аб трагедыі а 12 гадзіне ад знаёмай, адразу пачала шукаць чаты нашага інтэрната, - успамінае дзяўчына. - Там было фота цела загінулага хлопца і абмеркаванне, што гэта быў суіцыд. Многія апускалі гэтае слова, але характарызавалі яго ўчынак менавіта так. Падрабязнасцяў не было. Праз кароткі час усе паведамленні, якія датычацца трагедыі, выдалілі. За ўвесь час, што я тут жыву, такіх страшных падзей не было. Але ведаю, што ў іншых інтэрнатах майго ўніверсітэта былі. Таму, калі я прачытала пра здарэнне, сэрца было не на месцы, не магла паверыць, што гэта адбылося ў нас. Увечары жудасна не хацела вяртацца туды.

Студэнт Акадэміі кіравання Мікіта вучыўся на адным курсе з загінулым, але блізкіх стасункаў у іх не было.

Студэнта звалі Даніла (імя змененае), яму было 18 гадоў, і вучыцца ў Менск ён прыехаў з Магілёўскай вобласці. Мікіта расказвае: перад трагедыяй хлопец спазніўся на пару літаральна «на хвіліну», праз што запатрабавалі тлумачальную.

- Ён пайшоў з заняткаў пісаць яе, але больш не вярнуўся.

Казалі, што па камерах паміж прыходам у інтэрнат і да моманту падзення было недзе 15-20 хвілін, то бок, відаць, чалавек ішоў на гэта мэтанакіравана, - мяркуе Мікіта. - Справа, зразумела, не ў самой тлумачальнай. У яго, хутчэй за ўсё, нешта збіралася вялікі перыяд часу, а гэта ўжо стала апошняй кропляй.

На агульных занятках паводзіў сябе па-рознаму: часам сядзеў і гучна смяяўся з сябрамі, а часам хадзіў прыгнечаны. Але на гэтым тыдні быў незаўважным.

А 20-га чысла, перад самагубствам, ён выдаліў старонку ў «ВКонтакте». Але яе хтосьці аднавіў ужо пасля смерці - альбо СК, альбо родныя.

Журналісты адшукалі старонку Данілы ў «ВКонтакте». На ёй - некалькі малюнкаў (апошні апублікаваны 16 лютага) і ніякіх допісаў, толькі згадка аб змене фота профілю. Апошняя публікацыя пра гэта – у сярэдзіне лютага. У інфармацыі аб сабе маладзён указаў дату нараджэння і назву ВНУ.

Як расказвае Мікіта, у інтэрнаце студэнтам адразу абвясцілі, што можна звярнуцца да псіхолага, каб пагаварыць пра здарэнне. Пры гэтым, паводле яго слоў, навучэнцам «сказалі не распаўсюджвацца на гэтую тэму» паміж сабой, а паведамленні ў чатах сталі чысціць.

- Сёння на парах многія робяць выгляд, што ўсё ў парадку, але абсалютна ўсе гутаркі аціхлі, - дзеліцца ён.

Што гавораць прадстаўнікі інтэрната?

У адміністрацыі студгарадка БДЭУ пацвердзілі, што 20 сакавіка здарылася трагедыя, але пакуль не спяшаюцца называць тое, што адбылося, суіцыдам.

- Справа ў тым, што пакуль не скончанае следства, - распавяла намесніца начальніка ў выхаваўчай працы Вольга Руткоўская.

- Сапраўды, такі факт ёсць: хлопец з другога курса Акадэміі кіравання (яны ў нас таксама жывуць), як мяркуецца, выпаў з балкона. З чым гэта звязанае, чаму, праз што? Магчыма, былі праблемы з вучобай. Ніхто нічога не ведае, пакуль толькі версіі.

Афіцыйнае следства не скончанае. Як толькі яно скончыцца, раскажуць, растлумачаць. Гэты будынак высокі, балконы пераходныя адчыненыя, бо гэта шляхі эвакуацыі. А калі іх зачыніць, пажарныя проста не змогуць [у выпадку чаго] эвакуяць людзей. Таму паводле праектна-каштарыснай дакументацыі вось так.

Са слоў суразмоўцы, для адміністрацыі інтэрната трагедыя стала шокам. Вольга Руткоўская кажа, што і яна сама «не спала ноч», вельмі перажывала, і выхавальніца інтэрната таксама.

У размове яна згадала, што ў яшчэ адным інтэрнаце БДЭУ адбыўся суіцыд у снежні мінулага года: студэнт скончыў жыццё самагубствам.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках