«Гэта маразм Лукашэнкі»
3- 27.10.2025, 18:48
- 10,252
Ці хутка Беларусь сутыкнецца з паліўным крызісам?
Дыктатар заўважыў новую праблему — чэргі на запраўках. Цяпер беларускія міліцыянеры лавяць кіроўцаў з кубкам кавы і хот-догам у руках, піша TVP у артыкуле «Лукашэнка змагаецца з «каваманамі»: новая рэальнасць для беларускіх кіроўцаў». Прыводзім тэкст публікацыі з невялікімі скарачэннямі.
«20 літраў бензіну і кубак капучына, калі ласка», — кажа мужчына сярэдніх гадоў на запраўцы ў Беларусі. Праз некалькі імгненняў яго спыняе міліцыя. Вярнуўшыся ў аддзяленне, міліцыянер пытаецца: «Навошта вы тут?» «Па капучына. Не паўтарайце маёй памылкі», — адказвае мужчына на камеру.
Дыктатар крытыкуе, міліцыя арыштоўвае
Гэта адно з кароткіх відэа, якія запаланілі беларускі інтэрнэт у апошнія дні. Кіроўцы апынуліся ў новай, абсурднай рэальнасці. Ужо больш за тыдзень міліцыя па ўсёй краіне праводзіць рэйды, падчас якіх правярае, ці купляюць кіроўцы каву або ежу на запраўках, што, паводле ўладаў, спрыяе ўтварэнню чэргаў.
Гэта рэакцыя на рэзкія выказванні Лукашэнкі на пасяджэнні ўрада 16 кастрычніка, калі ён заявіў, што ў чэргах на запраўках вінаваты «аматары кавы». «Машыны стаяць папярок, так што ніхто не можа праехаць. А яшчэ яны п’юць каву ў кафэ!» — грымеў дыктатар на пасяджэнні.
Пасля яго выступлення міліцыя пачала «выхаваўчую гутарку» з уладальнікамі заправак і кіроўцамі. Фармальная забарона на куплю кавы не ўведзеная, таму супрацоўнікі караюць кіроўцаў за іншыя, больш дробныя парушэнні, такія як няправільнае паркаванне, размова па тэлефоне або непрышпіленыя рамяні бяспекі.
Эксцэнтрычныя забавы
Анджэй Пісальнік, актывіст польскай меншасці ў Беларусі, які цяпер жыве ў выгнанні ў Польшчы, лічыць, што ўся гэтая сітуацыя — частка серыі эксцэнтрычных выбрыкаў Лукашэнкі.
«Тут няма ніякай логікі. Можна сказаць, дыктатар забаўляецца. Ён, вядома, сцвярджае, што кіроўцы скардзяцца на вялікія, штучна створаныя чэргі на запраўках. Гэта, вядома, маразм. Гэта проста ягоная гульня. Галоўнае для яго — рух», — кажа апазіцыянер.
Варта падкрэсліць, што паліва — не асноўная крыніца даходаў АЗС. АЗС па ўсім свеце ператварыліся ў міні-маркеты. Нацэнка на паліва звычайна складае некалькі працэнтаў. На харчовыя прадукты яна можа дасягаць 30–60%, а на каву і хот-догі — да 200%.
Ці пагражае Беларусі паліўны крызіс?
На першы погляд, сітуацыя з кіроўцамі, злоўленымі з кавай, здаецца камічнай. Аднак не выключана, што Беларусь можа сутыкнуцца з паліўным крызісам у найбліжэйшай будучыні. Апошнім часам Украіна атакуе расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы. Гэтыя атакі прывялі да дэфіцыту паліва на АЗС у Расіі. Каб змякчыць сітуацыю, Расія пачала завозіць больш паліва з беларускіх НПЗ.
«Экспарт бензіну з Беларусі ў Расію па чыгунцы ў верасні вырас у чатыры разы ў параўнанні з жніўнем», — паведамляе «Белсат» са спасылкай на крыніцы Reuters. Паводле тэлеканала, беларускія НПЗ не змогуць цалкам задаволіць патрэбы Расіі.
«Беларусь экспартуе больш нафтапрадуктаў, чым спажывае — штогод прадаючы за мяжу каля 8 мільёнаў тон, пакідаючы на радзіме больш за 6 мільёнаў тон. Гэта азначае, што нават пры выхадзе на поўную вытворчую магутнасць НПЗ у Наваполацку і Мазыры не змогуць цалкам забяспечыць патрэбы Расіі, беларускіх спажыўцоў і захаваць бягучы ўзровень экспарту ў трэція краіны», — гаворыцца ў публікацыі.
Эксперты не выключаюць, што Масква можа прымусіць Мінск абмежаваць экспарт паліва ў трэція краіны. Гэта будзе азначаць зніжэнне даходаў беларускага бюджэту, паколькі экспарт у іншыя краіны, апрача Расіі, значна больш выгадны. У выніку ўлады Мінска могуць быць вымушаныя павысіць цэны на паліва для грамадзян, каб кампенсаваць падзенне даходаў.