Невядомыя дроны ўпершыню кружылі над базай Бундэсвера
2- 3.10.2025, 19:14
- 3,830
Аэрапорт Мюнхена спыніў працу.
Вечарам 2 кастрычніка невядомыя беспілотнікі былі заўважаныя ў Германіі не толькі ў Мюнхене, але і над авіябазай у горадзе Эрдынгу, дзе размешчаны інавацыйны цэнтр Бундэсвера. Пра гэта піша Bild.
Як адзначыла выданне, а 19:30 невядомыя дроны фіксаваліся ў Эрдынгу, дзе выпрабоўваюць беспілотнікі наступнага пакалення. Пазней, а 20:30, БПЛА ўжо былі заўважаныя над аэрапортам Мюнхена, да якога ад Эрдынга ўсяго 8 кіламетраў.
Паводле сведкаў, размах крылаў дронаў складаў ад 60 сантыметраў да аднаго метра.
Як вядома, з-за фіксацыі невядомых БПЛА аэрапорт Мюнхена прыпыніў працу. 3000 пасажыраў вымушаныя спаць на раскладанках. 17 рэйсаў так і не змаглі вылецець, а 15 давялося перанакіраваць.
Выданне таксама нагадала, што інцыдэнты з пралётам невядомых дронаў над ваеннымі аб’ектамі Германіі ўжо былі на мінулым тыдні. У прыватнасці, у чацвер, 25 верасня, каля 21:00 два невялікія беспілотнікі знаходзіліся над ваенна-марской верф’ю ў Кіле, дзе будуюць падводныя лодкі для ВМС Германіі і партнёраў НАТА.