Падчас прыезду Туска і фон дэр Ляен на мяжу з Беларуссю з'явіліся жаўнеры са стрэльбамі.
13- 31.08.2025, 21:19
- 24,206
Прэм'ер-міністр і прэзідэнт Еўракамісіі паказалі сапраўдную еўрапейскую рашучасць.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск расказаў, што службы бяспекі раілі яму скасаваць супольны з прэзідэнткай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен візіт на польска-беларускую мяжу.
Пра гэта паведамляе RMF24.
Напрыканцы супольнай заявы для СМІ Туск прызнаўся, што калі ён і фон дэр Ляен накіроўваліся да месца правядзення прэс-канферэнцыі, яны атрымалі інфармацыю і рэкамендацыю ад службы бяспекі адмовіцца ад яе або змяніць месца правядзення, бо «з'явіліся беларускія жаўнеры са стрэльбамі».
«Таму я пытаю прэзідэнтку, што яна думае наконт гэтага. Ці гатовая яна ўдзельнічаць у гэтай канферэнцыі, у гэтым месцы. І я пачуў словы, якія я хацеў пачуць, і для нас тут, у Польшчы, яны былі відавочныя: ніякіх саступак, ніхто нас тут не запалохае і не патурбуе», - сказаў прэм'ер-міністр.
«Мы таксама тут, каб паказаць гэту сапраўдную еўрапейскую рашучасць», - дадаў ён.
Фон дэр Ляен у сваю чаргу заявіла, што яна прыбыла, каб выказаць поўную салідарнасць Еўропы з Польшчай як прыфрантавой краінай.
«Цягам многіх гадоў вы і палякі сутыкаецеся з мэтанакіраванымі і цынічнымі гібрыднымі атакамі. Я хацела б падкрэсліць, што Еўропа стаіць бок аб бок з вамі ва ўсіх магчымых выпадках», - адзначыла яна.
На памежным пасту ў Крынках прэм'ер-міністр Дональд Туск і старшыня ЕК узялі ўдзел у брыфінгу з камандзірамі Памежнай службы і войска - службаў, прыцягнутых да абароны польска-беларускай мяжы, дзе ўжо некалькі гадоў адбываюцца гібрыдныя дзеянні і міграцыйны ціск, інспіраваныя Беларуссю і Расеяй.
У Падляшскім ваяводстве на 186 км граніцы з Беларуссю ўсталяваная сталёвая загарода вышынёй 5,5 м, што дапаўняецца электронным бар'ерам, які дзейнічае на 206 км гэтай граніцы, уключаючы рачныя адцінкі. У Люблінскім ваяводстве, з другога боку, уздоўж памежнай ракі Буг усталяваны электронны бар'ер даўжынёй 171 км.
Згодна з камюніке Канцылярыі прэм'ер-міністра, акрамя абароны і бяспекі на ўсходняй мяжы ЕЗ, тэмай перамоў у Крынках таксама з'яўляецца праграма льготнага крэдытавання SAFE, як частка плана пераўзбраення Еўропы ў сувязі, сярод іншага, з развіццём вайсковага патэнцыялу Расеі.
Пасля брыфінгу з прадстаўнікамі службаў Дональд Туск і Урсула фон дэр Ляен агледзелі месца, дзе захоўваюцца элементы для будаўніцтва «Усходняга шчыта», а таксама мадэрнізаваная сталёвая загарода на мяжы.