Існуе толькі два фіналы вайны
- Віталь Партнікаў
- 10.10.2026, 7:06
- 1,520
Усё астатняе — або глупства, або дэмагогія.
Кожны раз адно і тое самае: розныя погляды на ўмовы міру. Мы не можам дамаўляцца пра мір да таго часу, пакуль не будзе адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць і не будуць атрыманыя гарантыі бяспекі, — кажуць адны. Мы можам саступіць тэрыторыі дзеля будучыні, — кажуць другія. Калі саступаць тэрыторыі, трэба атрымаць гарантыі бяспекі, інакш з гэтых тэрыторый на нас нападуць, — пераконваюць трэція. Мы не можам дазволіць Пуціну заблакаваць наш уступ у НАТА, — кажуць адны. Мы не можам ваяваць за НАТА, — кажуць другія.
Скажыце, навошта вы ўсё гэта абмяркоўваеце? Вы што, сапраўды не можаце зразумець, што расіяне не збіраюцца з намі размаўляць і дамаўляцца ні пра што рэальнае — ну хіба што пра тое, што дапаможа ім зарабляць грошы падчас вайны? Што кожны раз, калі яны прыходзяць на перамовы, яны прыходзяць з праграмай дэстабілізацыі Украіны або зацягвання часу да новых выбараў у ЗША. Кропку, у якой з расіянамі можна было б хаця б часова пра нешта сур'ёзнае дамовіцца, мы даўно праехалі.
Я проста хачу зразумець — не толькі ўмоўнага Ганчарэнкі, а ўсіх нас. Гэтыя дыскусіі пра ўмовы перамоў — цынізм ці проста псіхалагічная абарона людзей, якія проста не могуць паверыць, што вораг не лічыць іх людзьмі? І людзі спрабуюць проста вярнуцца ў часы, калі ён яшчэ рабіў выгляд, што лічыць, і з ім можна было размаўляць?
Насамрэч — калі быць да канца шчырым — у гэтай вайны роўна два магчымыя вынікі. Першы — аслабленне Расіі і спыненне баявых дзеянняў. Спадзяюся, што мы зможам скарыстаць гэты час для падрыхтоўкі да новага ўварвання. І другі — аслабленне і знікненне Украіны і далучэнне яе былых тэрыторый да Расійскай Федэрацыі. Вядома, з адкрытым фіналам для кожнага. Хтосьці можа спадзявацца, што яму дазволяць застацца і проста жыць пад чужым сцягам. Але кожны павінен тады проста ўзважыць уласныя шанцы і зразумець, дзе больш небяспекі для вас і вашай сям'і: у працягванні супраціву ці ў такой капітуляцыі.
Ніякай рэальнасці, акрамя гэтых двух фіналаў, больш не існуе. І ўсе размовы пра іншае — або глупства, або дэмагогія.
Віталь Партнікаў, «Фэйсбук»