На Камароўцы знайшлі незвычайны беларускі батат
- 11.10.2026, 18:59
Цяплалюбівую культуру вырошчваюць у Мінскай вобласці пад плёнкай.
На Камароўцы можна знайсці батат, вырашчаны ў Беларусі. Прычым рознага колеру — жоўты, ружовы, чырвоны, фіялетавы, заўважыў «Смартпрэс».
Кошт такога батата вагаецца ад 12 да 18 рублёў за кілаграм. Некаторыя гатункі больш салодкія, іншыя маюць гароднінны прысмак. Больш дарагія, фіялетавыя, таксама маюць фіялетавы колер мякаці.
«Бяруць і цікавяцца, так, — распавядае прадавец. — Прычым бяруць не толькі беларусы, але і госці з іншых краін, асабліва азіяцкіх. Кажуць, робяць з яго шмат страў — ад гарніраў да смузі».
Батат вырошчваюць у Мінскай вобласці, гэтай культурай займаюцца не першы год.
«Культура цяплалюбівая, даводзіцца трымаць яе пад плёнкай, але ў астатнім — не надта і капрэзная».
На рынку можна знайсці і грыбы. Баравікі па 60‑100 рублёў за 1 кг, падасінавікі па 40 рублёў за 1 кг, лісічкі па 12 рублёў за 1 кг.