Беларускія археолагі зрабілі сенсацыйную знаходку пад Талачынам
- 11.10.2026, 19:14
У Сакаліне выявілі княжацкую капліцу з фрагментамі роспісу.
Раскопкі ў Сакаліне пад Талачынам абярнуліся дзіўным адкрыццём. Археолагам удалося выявіць княжацкую капліцу XVII стагоддзя, піша «Точка».
Пабудова невялікая, але мае вялікую каштоўнасць, у тым ліку з-за захаваных фрагментаў роспісу.
Знаходка стала сенсацыяй, бо гэты аб’ект не апісваецца ні ў адным гістарычным дакуменце.
«Бывае, што на старых мапах стаіць крыжык – значыць, там была ці царква, ці капліца. Ці літара К – яшчэ бывала такое. Я пераглядзеў шмат гэтых мап, нідзе я не ўбачыў», – расказаў краязнавец Дзмітрый Іўчанка.

Пры гэтым, паводле яго слоў, некаторыя менш значныя аб’екты згадваліся.
«Прыязджалі геафізікі са сваім абсталяваннем. Ну што яны сказалі, што ўсё ўсыпана цэглай, камянямі і цяжка разабраць, што на самой справе там творыцца», – падзяліўся падрабязнасцямі эксперт.
Да восені да працы падключыліся і валанцёры. Яны прыйшлі на дапамогу археолагам з Талачына, Коханава, Мінска.
Пасля двух раскопаў усталявана, што даўжыня капліцы-склепа дасягала 10 м, сцены — 50 см таўшчынёй, а падмурак складзены з дзікіх валуноў.
У спецыялістаў яшчэ няма выявы збудавання, нават схематычнай. Але пэўныя зачэпкі ёсць. Мураванне ўказвае на пачатак XVII стагоддзя.
«Сярод усёй гэтай стандартнай цэглы мы знаходзім адзін асобнік – гэта палова цэглы, але пальчатка ўжо дыяганальная. Значыць, наўмысна падкрэсліваецца! Потым адбітак пальца майстра – XVII стагоддзя, які рабіў гэтую цэглу», – расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзерновіч.
Артэфакты таксама падказалі, што гэта было збудаванне з рысамі Рэнесансу. Адзін з іх — верагодна, частка вітража. Знайшлі рэшткі чарапіцы тыпу «баброў хвост». Таксама высветлілі, што будаўнічая кераміка, хутчэй за ўсё, рабілася на месцы, бо сакалінскія палі багатыя глінамі.
Мясцовыя таксама падзяліліся тым, што ведаюць. Вось што расказала Сняжана Гваздзева, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Талачынскай сярэдняй школы №2 імя Н.П. Лугоўскага:
«Малымі прыходзілі, гулялі тут, вось тут быў такі невялічкі раскоп, можна было туды залезці, і нам здавалася, што гэта нейкая вялікая, таямнічая прастора. Пячора, нават. Гаварылі, што гэта быў спачатку спецыяльны такі будынак, дзе пахавалі мясцовую княжну, таму што яна захварэла нейкай страшнай хваробай і, каб гэтая хвароба не распаўсюджвалася, вось яе як бы асобна на гэтым узвышшы».
Адна з распаўсюджаных версій сцвярджае: гэта капліца-усыпальня для князёўны-тапельніцы, будынак пабудаваў яе бацька. Аднак пакуль усё гэта толькі легенды.

«Адкрылі таксама сляды невядомага помніка манументальнага роспісу. Ну, можна сказаць, што фрэскі, але тут, хутчэй за ўсё, гэта al secco – роспісы па сухому тынку. Але пра іх нідзе ўвогуле не прыгадвалася. Ёсць фрагменты з вохрыстым роспісам…» – працягнуў апісваць Алег Дзерновіч.
Навукоўцы цяпер вызначаюць узрост знаходкі — пасля 1612-га. Толькі ў 1855 годзе рускі этнограф Міхаіл Без-Карніловіч упершыню згадаў пра «часаўню, въ которой покоятся предки князей Сокольницкихъ» (адзін з варыянтаў прозвішча).
Таксама знайшлі фрагменты касцявога матэрыялу, аднак пакуль не зразумела, ці яны з гэтага месца, ці былі нейкім чынам сюды перанесены. Адказ чакаюць ад антраполагаў з Акадэміі навук.