Беспілотнік упершыню атакаваў нафтавы танкер у водах Румыніі
- 15.10.2026, 10:50
- 1,132
Судна, меркавана, накіроўвалася ва Украіну.
У тэрытарыяльных водах Румыніі беспілотнік атакаваў нафтавы танкер YARA J пад сцягам Каморскіх астравоў, які, меркавана, накіроўваўся ва Украіну.
Пра гэта паведамляе Radio România Constanța.
Паведамляецца, што на борце танкера знаходзіцца экіпаж з 17 маракоў з Сірыі, Індыі і Ірана. Атака была здзейснена ўвечары 14 кастрычніка недалёка ад порта Суліна. Танкер прыбыў з Турцыі і чакаў спрыяльных пагодных умоў для праходу па канале. Судна было пустым і павінна было прыняць груз у портах Дуная. Пасля атакі на борце ўзнік пажар.
Паводле слоў кіраўніка прафсаюза маракоў Румыніі Адрыяна Міхэлчою, усе члены экіпажа ў бяспецы, а рухавікі судна працягваюць працаваць. Ён заявіў, што гэтая атака, відаць, была «намеркаванай і скіраванай супраць судна, якое, верагодна, накіроўвалася ва Украіну».
Ён падкрэсліў, што такі інцыдэнт у тэрытарыяльных водах Румыніі адбыўся ўпершыню.
Раней Міністэрства абароны Румыніі паведамiла, што ў сераду ўвечары над Чорным морам была зафіксавана група паветраных мэт — дзве з іх увайшлі ў паветраную прастору краіны. Пазней радыёлакацыйны кантакт з адной з мэт над морам быў страчаны.
Не выключана, што менавіта гэты беспілотнік мог патрапіць у судна.
Паводле даных балгарскага выдання Maritime.bg, цяпер YARA J накіроўваецца сваім ходам у порт Канстанца.