15 кастрычнiка 2026, Чацвер, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка зноў хавае Віцебшчыну

2
Лукашэнка зноў хавае Віцебшчыну

Тры галоўныя моманты з паездкі дыктатара.

15 кастрычніка кіраўнік адправіўся ў Верхнядзвінскі раён, каб вывучыць сітуацыю ў аграрным сектары паўночнай Віцебшчыны.

Выдзелім тры характэрныя моманты ў, здавалася б, руціннай паездцы, падобных да якой у апошнія месяцы становіцца ўсё больш.

Першае — Лукашэнка і далей мысленна хавае Віцебскую вобласць: «Размоваў быць не можа. Тут павінна быць ваенная, найжорстчая дысцыпліна. Але і людзям трэба заплаціць, калі яны працуюць. Толькі такая стратэгія. Іншай стратэгіі я не бачу. Загіне гэты край, калі мы гэтага не зробім».

Пры гэтым у яго ёсць пытанні да ўласных прызначэнцаў — ад міністра сельскай гаспадаркі да кіраўнікоў раёнаў і вобласці: «Што тут будзем рабіць? Браслаў, Мёры, Верхнядзвінск, Расоны. Поўнач Беларусі. Якая стратэгія?»

«Мне трэба выратаваць гэтыя раёны. Тут 4–5 раёнаў. Для мяне галоўнае — захаваць людзей тут. Захаваць гэтую тэрыторыю», — кажа Лукашэнка.

Другое — кіраўніка больш не цікавяць прыгожыя лічбы. Спытаўшы ў міністра сельскай гаспадаркі Юрыя Горлава пра чаканую сумарную лічбу намалоту збожжавых, Лукашэнка не проста не ўражыўся рэкордным прагнозам, але і відавочна ашаламіў прысутных: «Мне вашыя паказчыкі важныя, але не вельмі. Важныя грошы».

І гэта зразумела. Ён лепш за іншых ведае, як за дзесяцігоддзі ягонага кіравання чыноўнікі навучыліся маляваць паказчыкі. КДК не дасць схлусіць. Але ад надутых лічбаў грошай не становіцца больш.

Паказальна і тое, што Лукашэнка сам прызнае недасканаласць уласнай сістэмы кіравання, дзе без яго «каштоўных» указанняў (з апошняга: «Капуста — ладна, але моркву трэба выхапіць пабыстрэй. А калі мароз?») ніхто не варухнецца.

«Таму я вас падштурхоўваю, падштурхоўваю... Каб расталкаць. Каб вы потым без мяне маглі працаваць. Таму я надаю ўвагу», — казаў кіраўнік.

І трэці момант — працяг павароту ў бок прыватніка. Падчас паездкі Лукашэнка настойліва прапанаваў набліжанаму да яго бізнесмену Мікалаю Вераб'ю частку земляў Верхнядзвінскага раёна, паабяцаўшы падтрымку: «Вялікіх грошай няма. Будзем датаваць вас, як усіх».

Акрамя таго, прызначанаму ім жа міністру сельскай гаспадаркі, пятага з 2020-га, некалькі разоў было прапанавана скарыстацца вопытам гаспадарання на прадпрыемстве «Красны Бор Агро», якім валодае Верабей, — ад закладкі кукурузы на корм да выкарыстання трыцікале ў камбікормах.

Гэта выглядала прыніжальна, улічваючы, што за Горлавым стаіць цэлае міністэрства і армія спецыялістаў у асобе шэрагу навукова-практычных цэнтраў па ўсёй краіне. Але, відаць, страх за будучыню Віцебшчыны (і не толькі) штурхае кіраўніка на крокі, ад якіх і ён сам не ў захапленні.

Арцём Сініцын, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲