Украіна нанесла крытычныя пашкоджанні Навашахцінскаму нафтаперавалачнаму тэрміналу
- 21.10.2026, 11:15
Ён забяспечваў транзіт нафты з Расіі.
У выніку ўдару ўкраінскіх БПЛА па Навашахцінскім нафтаперавалачным тэрміналу у Растоўскай вобласці Расіі пашкоджаны 8 з 12 паліўных рэзервуараў.
Пра гэта са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі паведаміў украінскі маніторынгавы Telegram-канал Exilenova+.

Паводле даных Exilenova+, на Навашахцінскім нафтаперавалачным тэрмінале ў выніку ўкраінскай атакі сур'ёзныя пашкоджанні атрымалі як мінімум 8 з 12 паліўных рэзервуараў. Кожны рэзервуар разлічаны на захоўванне 5 тысяч кубаметраў нафтапрадуктаў.
Навашахцінскі нафтаперавалачны тэрмінал захоўвае і забяспечвае перакачку па Расіі нафты і нафтапрадуктаў (яго прапускная здольнасць складае 2,5 млн тон нафтапрадуктаў у год).
Частку гэтых энергакрыніц Масква накіроўвае на экспарт, а грошы, атрыманыя ад іх продажу, траціць на працяг вайны супраць Украіны. У сувязі з гэтым уся расійская нафтавая інфраструктура з'яўляецца законнай мэтай для ЗСУ.
Сілы абароны Украіны нанеслі масіраваны ўдар па стратэгічных аб'ектах у Растоўскай вобласці Расіі ў ноч на 10 кастрычніка 2026 года.
Тады пашкоджанні атрымаў не толькі нафтаперавалачны тэрмінал, але таксама чыгуначны мост, два караблі і складскія памяшканні. У выніку атакі на тэрыторыі нафтаперавалачнага тэрміналу пачаліся моцныя пажары, якія не ўдавалася патушыць некалькі дзён.