Навукоўцы знайшлі «новую Зямлю» і здзівілі сенсацыйным адкрыццём
2- 27.10.2026, 8:54
- 1,918
У цэнтры ўвагі апынулася сістэма Змяяносца.
Даследчыкі выявілі патэнцыйную экзапланету памерам з Зямлю, якая можа знаходзіцца ў сістэме з дзвюх зорак.
Гэта адкрыццё падтрымлівае гіпотэзу пра тое, што нават у падвойных зорных сістэмах могуць існаваць планеты з умовамі, патэнцыйна прыдатнымі для жыцця, паведамляе Science Alert.
У цэнтры ўвагі навукоўцаў апынулася сістэма 70 Змяяносца (70 Oph AB), якая складаецца з двух аранжавых карлікаў. Паводле разлікаў, іх маса складае прыблізна 88% і 73% масы Сонца, а ўзрост ацэньваецца прыкладна ў тры мільярды гадоў.
Для вывучэння сістэмы спецыялісты прааналізавалі сучасныя і архіўныя вымярэнні радыяльных хуткасцяў зорак. У даследаванні выкарысталі даныя васьмі інструментаў, якія ахопліваюць назіранні за галоўнай зоркай на працягу прыблізна стагоддзя.
У прыдатнай для жыцця зоне галоўнай зоркі тэарэтычна магчымыя ўстойлівыя арбіты. Нягледзячы на прысутнасць другога свяціла, яно не абавязкова робіць такія арбіты нестабільнымі.
Сістэма 70 Змяяносца вядомая астраномам ужо даўно. Яшчэ ў 1855 годзе брытанскі вучоны Уільям Джэйкаб выказаў здагадку, што вакол гэтых зорак абарачаецца планета. Гэта стала адным з першых гістарычных выпадкаў меркаванага выяўлення экзапланеты.
Новае даследаванне дапамагае лепш зразумець, наколькі распаўсюджаныя планеты ў падвойных зорных сістэмах і ці могуць яны знаходзіцца ў умовах, спрыяльных для ўзнікнення жыцця.