У Маскве пачаліся аблавы на прызыўнікоў
5- 27.10.2026, 17:16
- 4,524
Затрыманых за адзін-два дні адпраўляюць у армію.
У Маскве сілавікі актывізавалі рэйды па «адлове» маладых людзей прызыўнога ўзросту з мэтай накіравання ў войскі. Як паведамляе са спасылкай на саміх масквічоў праваабарончы праект «Ідзіце лесам», такія рэйды праходзяць у метро, у МФЦ або проста на вуліцах сталіцы.
Толькі з 13 па 21 кастрычніка паступіла шэсць падобных зваротаў. Так, 13 кастрычніка двух маладых людзей, у аднаго з якіх, па словах родных, быў медыцынскі адвод з-за металічнай пласціны ў назе, схапілі каля метро і павезлі ў Адзіны пункт прызыву (ЕПП) і зборны пункт на Угрэшскай для «размеркавання на службу». Яшчэ аднаго прызыўніка, студэнта маскоўскага ўніверсітэта 2002 года нараджэння, затрымалі каля дзвярэй кватэры. Сілавікі даставілі яго на Угрэшскую.
Па словах родзічаў, у зборным пункце заявілі, што ім «усё адно», а прывезці даведку з універсітэта яны не паспеюць, бо маладога чалавека ўжо накіруюць у войскі. Сувязі з усімі трыма прызыўнікамі не было. Таксама паведамляецца пра актыўныя паліцэйскія праверкі на станцыях метро. Маладзёнаў спыняюць, правяраюць пашпарты і патрабуюць разблакіраваць тэлефоны і зайсці на «Госуслуги».
Гэтую інфармацыю пацвярджае кіраўнік юрыдычнага аддзела праекта Цімафей Васькін. Паводле яго слоў, аблавы на прызыўнікоў прывязаныя да дат адпраўкі ў войскі, якія былі прызначаныя на сярэдзіну кастрычніка. Затрыманых вязуць на Угрэшскую, а адтуль «за адзін-два дні ў армію, дадому ўжо не адпускаюць».
У Маскве таксама затрымліваюць мужчын сталага ўзросту. Паводле інфармацыі «Ідзіце лесам», на мінулым тыдні на станцыі «Тэкстыльшчыкі» паліцэйскія спынілі 51-гадовага мужчыну для праверкі дакументаў. Яны «праверылі пашпарт па планшэце», пасля чаго адпусцілі масквіча. З яго слоў, іншага мужчыну таго ж узросту сілавікі адвялі.