Беларусь і РФ зацвердзілі правілы аб'яднанага рынку электраэнергіі
5- 27.10.2026, 20:09
Ён пачне працу ў 2027 годзе.
Расія і Беларусь зацвердзілі правілы аб'яднанага рынку электраэнергіі Саюзнай дзяржавы. Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінэнерга РФ у Telegram-канале.
«Міністэрствы энергетыкі Расіі і Беларусі заключылі пагадненне, якое рэгламентуе функцыянаванне аб'яднанага рынку электраэнергіі «Саюзнай дзяржавы», — сказана ў паведамленні.
У Мінэнерга РФ указалі, што агульны рынак пачне працу ў 2027 годзе.
Цырымонія падпісання пагаднення адбылася на палях XXX Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму. З расійскага боку дакумент падпісаў намеснік міністра энергетыкі РФ Яўген Грабчак.
«Усе бюракратычныя працэдуры завершаныя. Вызначаныя аператары, вызначаны парадак. З наступнага года пачынаем», — сказаў Грабчак.
Да гэтага Аляксандр Лукашэнка прапанаваў аднавіць савецкую мадэль кааперацыі, паводле якой Мінск адказваў за пастаўкі ў шэраг ключавых расійскіх рэгіёнаў. Паводле яго слоў, сутнасць гэтай адказнасці палягала ў тым, каб вырабляць і пастаўляць у Санкт-Пецярбург і асабліва Калінінград усё, чаго там не хапала.