27 кастрычнiка 2026, aўторак, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Індыя павялічыла продажы боепрыпасаў еўрапейскім саюзнікам Украіны

Індыя павялічыла продажы боепрыпасаў еўрапейскім саюзнікам Украіны

У 18 разоў.

Развязаўшы вайну супраць Украіны, Уладзімір Пуцін быў не толькі вымушаны прадаваць Індыі і Кітаю з вялізнымі зніжкамі нафту, ад якой адмовіліся еўрапейскія краіны. Ён яшчэ дазволіў той самай Індыі добра зарабіць на пастаўках узбраення ў Еўропу, якая спачатку з цяжкасцю магла забяспечыць Украіну боепрыпасамі, а потым сама пачала актыўна пераўзбройвацца.

З пачатку расійскага ўварвання ва Украіну індыйскія вытворцы паставілі ў Еўропу боепрыпасы, у тым ліку артылерыйскія снарады, мінамётныя міны, ракетнае паліва і выбуховыя рэчывы, як мінімум на $872 млн, паведамляе Bloomberg са спасылкай на даныя Міністэрства гандлю і прамысловасці Індыі, атрыманыя праз Trade Data Monitor. За чатырохгадовы перыяд перад пачаткам вайны такі экспарт склаў усяго $49,2 млн, то бок пастаўкі выраслі ў 17,7 раза.

Боепрыпасы былі надзвычай патрэбныя еўрапейскім краінам. Напрыклад, у 2022 годзе яны вырашылі да сакавіка 2023-га вырабіць для Украіны 1 мільён артылерыйскіх снарадаў, але праз недахоп магутнасцяў змаглі выканаць план толькі бліжэй да канца года. Тым часам Украіна саступала Расіі ў артылерыйскай моцы ў 3–5 разоў, а ў асабліва цяжкія перыяды або на некаторых участках фронту разрыў дасягаў 10 разоў. Таму індыйскія снарады прыйшліся еўрапейцам як нельга дарэчы. Распачаўшы вайну, «Расія сфармавала рыначны попыт, на які адрэагавалі індыйскія абаронныя кампаніі», — кажа палітолаг Уолтэр Лэдвіг, спецыяліст па абарончай палітыцы Паўднёвай Азіі з King’s College London.

«У пэўным сэнсе гэта дзелавое рашэнне, выгаднае з фінансавага пункту гледжання», — дадае ён. Прэм’ер-міністр Нарэндра Модзі імкнецца падтрымаць нацыянальных вытворцаў узбраення, каб скараціць залежнасць ад імпарту, у тым ліку з Расіі. Яна з савецкіх часоў з’яўляецца галоўным пастаўшчыком зброі для Дэлі.

Тры чвэрці індыйскага экспарту боепрыпасаў пайшлі ў 13 краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якія знаходзяцца на ўсходнім флангу НАТА і ў першыя гады вайны былі вядучымі пастаўшчыкамі зброі ва Украіну. Гэта Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Эстонія, Латвія, Літва, а таксама не ўваходзячыя ў ЕС Сербія, Боснія і Герцагавіна, Албанія. Іх сукупны імпарт боепрыпасаў павялічыўся больш чым у 10 разоў, тады як у астатняй частцы Еўропы — удвая.

Нават калі індыйскія боепрыпасы не накіроўваліся ва Украіну (у двухбаковых дамовах прапісваецца, як можа выкарыстоўвацца ўзбраенне), еўрапейскія краіны маглі пакінуць іх сабе, выдзяліўшы Кіеву зброю з уласных запасаў. Так, напрыклад, рабілі ЗША, набываючы боепрыпасы ў Паўднёвай Карэі.

У выніку Індыя цяпер, паводле даных Trade Data Monitor, займае другое месца па пастаўках боепрыпасаў і рэчываў для іх у краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, саступаючы толькі Паўднёвай Карэі. Пры гэтым чатыры гады таму яна займала 28-е месца.

Па выбуховых рэчывах яна заняла першае месца ў 2026 фінансавым годзе (з красавіка 2025 г. па сакавік 2026 г.), паставіўшы іх на $45 млн, тады як, напрыклад, ЗША — на $35 млн. Да 2023 ф. г. Індыя ўвогуле не прадавала такую прадукцыю ў гэтыя краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲