Чаму Лукашэнка засакрэціў гіганцкі завод у Наваполацку
3- 28.10.2026, 16:33
- 1,732
Фота: sb.by
Праект пагражае рэгіёну непрыемным пахам, вырубкай лясоў і забруджваннем вады.
У Наваполацку плануюць пабудаваць цэлюлозны камбінат у два разы большай магутнасці, чым у Светлагорску. Да гэтага будаўніцтва ўжо ёсць шмат пытанняў: чаму ўказ аб інвестыцыях амаль цалкам засакрэчаны, ці зможа прадпрыемства не толькі забяспечыць рэнтабельнасць, але і выйсці на поўную магутнасць, ці не будзе вытворчасць звязаная з вайной, а таксама як завод паўплывае на экалогію рэгіёна. «Белсат» распавёў, чаго чакаць ад новага прадпрыемства.

Пад грыфам сакрэтнасці
Пра новы цэлюлозны камбінат вядома, што яго ўзвядуць на пляцоўцы Наваполацкага завода бялкова-вітамінных канцэнтратаў, які не працуе з 90-х гадоў. Магутнасць новага прадпрыемства запланаваная на 800 тысяч тон прадукцыі на год. Для параўнання: у Светлагорскага цэлюлознага камбіната — 400.
Астатняя частка інвестыцыйнага праекта засакрэчана. Чаму — невядома.
Пра з'яўленне другога цэлюлознага прадпрыемства ў Беларусі гаварылі ўжо некалькі гадоў. У 2024 годзе планавалі будаваць у Брэсцкай вобласці паводле кітайскай тэхналогіі. У 2025 годзе месцам будоўлі называлі Дуброўна ў Віцебскай вобласці.
Але ўжо тады пачала разгортвацца іншая гісторыя: падпісалі мемарандум аб будаўніцтве цэлюлозна-кардоннага камбіната з Аманам.
Аляксандр Лукашэнка тлумачыў зацікаўленасць аманцаў у праекце тым, што ў «іх жа лясоў няма». Улады тлумачылі неабходнасць з'яўлення прадпрыемства не толькі прыцягненнем інвестыцый, але і, напрыклад, тым, што там можна будзе перапрацоўваць «нізкатаварную драўніну».
Паводле ацэнкі намесніцы старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжэлікі Нікіцінай, кошт праекта ацэньваўся амаль у два мільярды долараў.
Публічных слядоў грамадскага абмеркавання будаўніцтва гэтага цэлюлознага камбіната (а праводзіць абмеркаванне ўлады абавязвае заканадаўства) адшукаць не ўдалося.
Фінансавыя праблемы як стан жыцця
Цяжка зразумець, навошта будуюць яшчэ адзін цэлюлозны камбінат у Беларусі, адзначыў у каментары «Белсату» аўтар праграмы «Оптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак» Андрэй Махоўскі. Ён скептычна ацэньваў эканамічную мэтазгоднасць будоўлі яшчэ год таму.
«Мала таго, што той камбінат, які ў нас ужо ёсць, пастаянна мае фінансавыя праблемы — гэта яго стан жыцця. Праблема яшчэ ў тым, што ён так і не выйшаў на запланаваную магутнасць дагэтуль. То бок там магутнасць запланаваная 400 000 тон на год, а ў яго дзесьці 360–380 000 на год. Можа, летась ён выйшаў на гэтыя аб'ёмы», — адзначыў Махоўскі.
Паводле яго, гэта сведчыць пра тое, што мы не спажываем столькі, колькі можа вырабляць нават адзін той камбінат.
«Таму пытанне: навошта нам яшчэ адзін такі ж камбінат, толькі ўдвая большы? Гэта вельмі складанае пытанне, бо вам няма куды дзеваць гэтыя 400 000 тон цэлюлозы, а вы хочаце пабудаваць камбінат на 800 000 тон. Узнікае пытанне: а куды вы яе падзянеце?» — разважае эксперт.
Ён выказаў падазрэнне, што ў гэтай сітуацыі сэнс не ў тым, каб пабудаваць, а каб засвоіць грошы:
«Ідзе гаворка пра крэдыт, дамаўляліся з аманскімі шэйхамі, і маецца на ўвазе, што аманскія шэйхі ўкладуць ад паўтара да двух мільярдаў долараў у гэты камбінат».
Махоўскі прапануе звярнуць увагу на тое, што кітайскія крэдыты для камбіната ў Светлагорску складалі 600 мільёнаў долараў (іх не хапіла, і беларускім банкам давялося дадаць яшчэ 400 мільёнаў). «Але тут мы бачым, што грошы спачатку запланаваныя ў тры разы большыя», — дадаў эканамічны аглядальнік.
Другое пытанне, якое ўзнімае эксперт: навошта гэтая гісторыя з аманскім шэйхам? «Я падазраю, што адказ на гэтае пытанне — у тых закрытых пунктах указу, якія мы, на жаль, не можам убачыць», — лічыць Андрэй Махоўскі.
Ён мяркуе, што там прадугледжаныя дадатковыя бонусы для аманцаў:
«Вядома, у шэйхаў шмат грошай, няма куды іх дзеваць. Магчыма, гісторыя такая. Але ўсё ж не такія яны дурныя, каб выкінуць паўтара мільярда долараў проста так».
Эксперт дапускае, што бонусы могуць быць звязаныя з падатковымі льготамі для аманцаў, а таксама з запаведнымі лясамі Віцебскай вобласці.
«У нас няма адказу, але ёсць нейкія намёкі. Якраз пасля таго, як шэйхі прыязджалі ў Беларусь, Лукашэнка паехаў у Віцебскую вобласць, у нейкія прыродныя заказнікі, і там ён разважаў на гэтую тэму. Навошта нам гэты прыродны запаведнік, што ён занадта вялікі, а можна выкарыстаць яго з нейкай карысцю. Што ў нас лясоў і так хапае, і ўсё добра, і гэты запаведнік можна зрабіць трошачку меншы, а што будзе лішняга — каб гэта асвоілі нейкія добрыя людзі», — нагадаў Махоўскі.
Ён разважае, што бонусам могуць стаць землі ў Віцебскай вобласці, лясы, магчыма, запаведныя лясы, дзе «можа быць нейкі турызм, напрыклад, паляванне, што заўгодна».
«Тым больш, што мы ўжо бачым, як Лукашэнка раздае Віцебскую вобласць у лены (гістарычна — зямельнае ўладанне феадала, якое ён перадае васалу, заўв. рэд.) сваім васалам — ужо Вораб’ю, усім астатнім. Чаму не аддаць кавалачак Віцебскай вобласці яшчэ і аманскім шэйхам?» — задаўся пытаннем эксперт.

Эканаміст скептычна паставіўся да магчымай ваеннай прызначанасці новага завода. Перш за ўсё таму, што будаўніцтва камбіната зойме не адзін год.
«Гэта не значыць, што Лукашэнка падпісаў указ — і ўжо ў наступным годзе ў нас з'явіцца гэты камбінат. Не, ён не з'явіцца. Здаецца, Светлагорскі будавалі 10 гадоў, калі я не памыляюся. Яго, дарэчы, і дагэтуль не дабудавалі да канца, але гэта ўжо іншая гісторыя. У любым выпадку гэта вельмі шмат гадоў», — адзначыў Махоўскі.

Ёсць тэхналогіі, што меней уздзейнічаюць на экалогію, у якіх не выкарыстоўваюцца такія шкодныя рэчывы для ачысткі і адбельвання. «Але для такога маштабнага вытворчасці я сумняваюся, што яны існуюць, і паколькі інфармацыі няма, складана сказаць, што яны там выкарыстоўваюць і наколькі гэта будзе небяспечна», — адзначыла Ганна Скрыган, экспертка альянсу «Зялёная Беларусь».
Трэці аспект, дадала яна, у тым, што для вытворчасці такой колькасці цэлюлозы патрэбна вялікая колькасць лесу.
«Лес будуць высечваць. І не абы-які — абы-які лес таксама не падыходзіць. Да таго ж у такім выпадку мы атрымліваем прамога канкурэнта Светлагорску, а там таксама ўжо ёсць праблемкі з тым, што мы рубім», — падкрэсліла экспертка.
Непрыемны пах, забруджванне вады, высечка лесу — наступствы для экалогіі рэгіёна ад цэлюлознага камбіната
Пра наступствы дзейнасці цэлюлознага камбіната ў Наваполацку можна меркаваць па працы аналагічнага прадпрыемства ў Светлагорску, сказала «Белсату» Ганна Скрыган. Пры гэтым яна нагадала, што новае прадпрыемства будзе ўдвая больш.
«Першая праблема, якая адразу ўзнікае для мясцовых жыхароў, — гэта непрыемны пах, бо ў працэсе выкарыстоўваюцца хімікаты. І яны, можа, не самыя таксічныя, але іх пах адчуваецца ўжо пры канцэнтрацыях значна ніжэй за гранична дапушчальныя. І гэта вельмі непрыемна для жыхароў», — адзначыла экспертка.
Па яе словах, ёсць спецыяльныя тэхналогіі, якія дазваляюць змяншаць пах, але ў Беларусі няма стандартаў на ўзровень пахаў, і таму прадпрыемства можа нічога не рабіць.
«Другі этап — адбельванне масы, яе ачыстка. Тут ужываюцца хлараарганічныя рэчывы. Для гэтага патрабуецца велізарная колькасць вады, і сцёкі потым трапляюць у раку. А гэта Дзвіна, трансгранічная рака, потым пераходзіць у Даўгуву. Нас чакаюць даволі сур'ёзныя праблемы з суседзямі наконт трансгранічнага забруджвання вод», — лічыць Скрыган.

Падчас санкцый, кажа яна, свой лес Беларусь у ранейшых аб'ёмах не прадае, але таксама варта задумацца, ці хочам мы высекчы свае лясы.
Экспертка звязала адсутнасць інфармавання грамадскасці пра экалагічныя наступствы працы завода, патэнцыйную адмову ад грамадскіх слуханняў з выхадам Беларусі з Орхускай канвенцыі. Гэта міжнароднае пагадненне пра доступ людзей да экалагічнай інфармацыі, удзел грамадскасці ў экалагічных рашэннях і абарону гэтых правоў у судзе.
«У Беларусі беспрэцэдэнтны выпадак — гэта адзіная краіна, якая выйшла з Орхускай канвенцыі. Што такое Орхуская канвенцыя? Гэта канвенцыя, якая абавязвае апублікоўваць і прадстаўляць усю экалагічна значную інфармацыю людзям. І калі Беларусь выйшла з гэтай канвенцыі, то цяпер быццам бы нічога не парушаецца, і інфармацыю дзяржава падаваць не абавязана», — патлумачыла экспертка.
Яна таксама звярнула ўвагу, што ўказ аб будаўніцтве фактычна засакрэчаны (хаця, хутчэй за ўсё, закрытая інфармацыя, на думку эксперткі, тычыцца фінансавання): «гэта не дазваляе ўвогуле зрабіць высновы пра тое, што адбываецца, што ўжываецца, наколькі гэта небяспечна, не дазваляе гэта абмеркаваць».
«Што моцна насцярожвае — указ Лукашэнкі ўжо падпісаны. Атрымліваецца, што калі ў працэсе высветліцца, што там нешта не так з тэхналогіяй, з экалагічным уздзеяннем, вы нічога не можаце зрабіць, ніхто не мае права адмяніць указ», — папярэдзіла Скрыган.
Адсутнасць інфармацыі пра гэты праект — не найгоршае, што вакол яго адбываецца: «Можа, і нічога дрэннага, а можа, нешта вельмі дрэннае. Мы маем права быць у курсе таго, што можа ўплываць на наша здароўе і здароўе нашых дзяцей». І на сёння існуюць рызыкі і наогул не ўбачыць вынікаў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе новага цэлюлознага камбіната.