7 кастрычнiка 2026, Серада, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя беларускай лучніцы, якая зрабіла фурор у Польшчы

Гісторыя беларускай лучніцы, якая зрабіла фурор у Польшчы
Карына Казлоўская. Фота: Inpost

Карына Казлоўская прайшла праз цяжкую эміграцыю і вярнулася на вяршыню.

Карына Казлоўская заваявала сем залатых медалёў з сямі магчымых на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука. Але да гэтага былі цяжкая эміграцыя, канфлікт са старшынём клуба, суд і амаль два гады без трэніровак. Пра тое, як яна вярнулася ў спорт, беларуска распавяла «Радыё Свабода».

Лучніца з Беларусі Карына Казлоўская стала першай спартсменкай у гісторыі Польшчы, што заваявала сем з сямі залатых медалёў на чэмпіянаце краіны. На фота ў навінах — усмешлівая дзяўчына ў панамцы, абвешаная медалямі. Перад гэтай гучнай перамогай Карына таемна з’ехала з Беларусі, ледзь не завяршыла спартыўную кар’еру, перажыла дэпрэсію, суд супраць трэнера і амаль два гады без трэніровак.

Карыне 26, яна родам з Мінска. У стральбе з лука з 12 гадоў, майстар спорту міжнароднага класа. У 2019 годзе заваявала золата на Гран-пры Еўропы. У 2021 годзе выступала за Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіа, дзе зборная заняла чацвёртае месца. Казлоўская падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту. У 2022 годзе з’ехала з Беларусі ў Польшчу. Цяпер трэніруецца ў клубе горада Жывец на поўдні Польшчы, выступае як польская спартсменка.

Стаяць гарой адзін за аднаго

«Калі я страляла, была моцная навальніца, пачаўся ліўневы дождж. І я чула, як уся каманда стаіць ззаду пад парасонамі, і ўсе перажываюць, балелі. Было вельмі здорава», — распавядае Карына пра атмасферу на апошніх спаборніцтвах.

Чэмпіянат Польшчы па стральбе праходзіў сёлета на пачатку верасня ў Беластоку. Карына Казлоўская выступала за польскі клуб «Лучнік-Жывец». І перамагла ва ўсіх дысцыплінах. Гэта была стральба на дыстанцыях 70, 60, 50 і 30 метраў (так званыя «малыя медалі», за якія не даюць тытула чэмпіёна Польшчы), а таксама стральба ў жаночай камандзе, у змешанай камандзе і ў асабістым заліку сваёй узроставай катэгорыі (гэта тры найважнейшыя медалі). Некаторыя залатыя медалі былі індывідуальнымі, а некаторыя — каманднымі. Яшчэ адзін хлопец з клуба Карыны, Матеуш Менджак, таксама ўзяў усе тры «вялікія» залатыя медалі.

«Я вельмі доўга да гэтага рыхтавалася. Вельмі моцна дапамог трэнер зборнай Сяргей Васілевіч Антонаў з Украіны — у падрыхтоўцы, у тэхніцы. Таксама справа была ў тым, як я рыхтавалася сама, як працавала са спецыялістамі па спартыўнай псіхалогіі», — дзеліцца Карына тым, як ёй удалося забраць усё золата.

Такая яскравая перамога не была для дзяўчыны чымсьці відавочным, хаця перад гэтым яна выйграла яшчэ і фінал Кубка Польшчы. У канцы чэмпіянату сярод удзельнікаў ішла цяжкая барацьба за перамогу.

«Стральба з лука — такі від спорту, што можна прайграць у першай дуэлі — у 1/16 або 1/32, і на гэтым спаборніцтвы заканчваюцца. Бывае, самы слабы супернік збярэцца і пачынае страляць лепш за цябе. Невядома, як пойдзе, як мы зможам сабрацца з дзяўчатамі, каб добра страляць. У нас была моцная каманда. Але бывае, адзін чалавек не зможа сабрацца — і ўсё», — тлумачыць нюансы спорту суразмоўніца.

Лучніца адзначае, што вельмі важна, як таварышы падтрымліваюць адзін аднаго. Ёй пашанцавала з добрымі камандамі і ў Беларусі, і ў Польшчы.

«У нас паехала група людзей, якія стаялі гарой адзін за аднаго. Калі ў кагосьці нешта не ўдавалася, то ўся каманда прыходзіла і ўсе падтрымлівалі. Гэта было нібыта не індывідуальны спорт, а камандны, як у валейболе або баскетболе», — распавядае суразмоўніца пра апошні чэмпіянат.

У канцы чэмпіянацу адбываецца традыцыйная «стральба па курам», працягвае лучніца. Усіх прызёраў чэмпіянату дапускаюць пастраляць па малюнку з выявай пеўня. У гэты час яны могуць мяняцца лукамі, весяліцца, смяяцца. І гэта выглядае хутчэй як забава, а не спаборніцтва.

Два гады без трэніровак

Апошні год Карына рыхтавалася да спаборніцтваў, але папярэднія два гады ў яе фактычна выпалі са спартыўнага жыцця. Яна ўжо нават завяршала спартыўную кар’еру ў 2023 годзе. Аднак летась дзяўчына вырашыла выступіць на іншым чэмпіянаце Польшчы — па стральбе ў памяшканні — і нечакана заваявала золата. Пасля гэтага яна зноў вярнулася ў актыўны спорт.

«Тады была цяжкая сітуацыя, звязаная з клубам, з тым, што я не хацела страляць з лука, трэніравацца. У мяне не ішло», — успамінае суразмоўніца.

У 2022 годзе ў Карыны пачаўся канфлікт з Янам Ляхам, старшынём клуба «Лучнік», у якім яна дагэтуль трэніруецца. Беларуска называе гэта разыходжаннем інтарэсаў. Кажа, што ёй было складана страляць, бо старшыня звычайна быў незадаволены вынікамі. Таксама ён падкрэсліваў непольскае паходжанне Карыны, як і іншых прыезджых удзельнікаў клуба. Пазней, калі ў Казлоўскай з’явіўся спартыўны спонсар, то старшыня хацеў браць з яе за трэніроўку ў клубе больш высокія ўзносы, чым з іншых.

Казлоўская тады ўзяла бальнічны, а потым своечасова не вярнулася на трэніроўкі. Яна павінна была атрымаць дазвол працягваць спартыўныя заняткі ад бальніцы, але для гэтага ёй быў патрэбны ад трэнера ліст, які той не хацеў даваць, распавядае Карына. Калі яна ўрэшце вырашыла звольніцца з клуба, трэнер звольніў яе за парушэнні дысцыпліны, а не па згодзе бакоў. Ян Лях раней сказаў у каментары выданню «Трыбуна», што ён звольніў Казлоўскую на дысцыплінарнай падставе, таму што яна не выйшла своечасова на працу.

«Ён звольніў мяне за прагулы, якіх насамрэч не было», — каментуе суразмоўніца.

Казлоўская звярнулася ў суд, каб абскардзіць падставу свайго звальнення і перакваліфікаваць артыкул. Суд разглядаў справу каля года і ў рэшце рэшт стаў на яе бок.

Карына дзеліцца ўспамінам пра тое, што ўвогуле падчас эміграцыі ў яе быў моцны стрэс, хоць яна спадзявалася, што адаптацыя пойдзе лягчэй. Калі вырашыла завяршыць кар’еру, то адчувала сябе слаба, шмат часу ляжала ў ложку, не займалася фізічнай актыўнасцю. Выбірацца было цяжка. Кажа, што яе моцна падтрымліваў яе хлопец, таксама лучнік, які трэніруе дзяцей у іхнім клубе.

«Усё трэба было рабіць вельмі паступова. Я выходзіла на прагулкі. Сёння прайду 5 кіламетраў, потым больш. З сабакам шмат гуляла. Потым пайшла на звычайную працу. Гэта дапамагло мне «перазагрузіцца». Трэба з сабой размаўляць у такія моманты — што ўсё будзе добра», — распавядае Карына.

Мінулагодняя перамога на чэмпіянаце стала для Казлоўскай крокам да вяртання ў спорт. Яна не ставіла сабе адразу высокіх планак і рыхтавалася да ўпартай працы. А праз год паказала вынікі, якіх у польскіх спартсменаў яшчэ не было.

«Быў такі ўздым, што я магу, што я вяртаюся да таго, як я раней страляла. Гэта ўпэўненасць у сабе. Да гэтага ў мяне былі цяжкія гады, калі на спаборніцтвах рэдка бывалі добрыя вынікі. Пасля доўгага перапынку я змагла адчуць перамогу, адчуць, што я малайчына, што я справілася, што я зрабіла вялікую працу», — прызнаецца яна.

Спартыўная сям’я

Карына лічыць, што прыродны талент да стральбы ў яе ёсць. Калі прыйшла ў спорт, яе вынікі хутка паляпшаліся. Важнай яна лічыць працу трэнера, які заўважыў яе талент. Да таго ж, як яна мяркуе, узровень падрыхтоўкі ў Беларусі ў гэтым відзе спорту крыху вышэйшы, чым у Польшчы. У свае 16 гадоў Карына стала майстрам спорту па стральбе, а ў 19 — майстрам спорту міжнароднай катэгорыі.

«Да звання заслужанай у мяне справа не дайшла, але нічога страшнага», — усміхаецца спартсменка.

Карына ўспамінае, што ў стральбу з лука яна трапіла амаль выпадкова. З дзяцінства маці водзіла яе ў розныя спартыўныя гурткі: гімнастыку, плаванне, тхэквандо. У іхняй сям’і было шмат спартсменаў: дзядуля займаўся лёгкай атлетыкай, прабабуля бегала, прадзед іграў у футбол, маці іграла ў гандбол і валейбол.

«Мой дзядуля лічыў, што ў мяне вялікі талент у спорце і характар, і трэба яго выкарыстоўваць, трэба аддаць мяне на які-небудзь від спорту, каб мне спадабалася — і «100%, што ў яе пойдзе»», — успамінае дзяўчына.

Але маленькай Карына нічога не падабалася, нідзе яна доўга не затрымлівалася. Урэшце маці сказала, каб дзяўчынка сама сабе знайшла якое-небудзь занятак. Так Карына вырашыла схадзіць на трэніроўку з аднакласніцай, якая займалася стральбой.

«Можна мне паспрабаваць пастраляць? Гучыць прыкольна», — узгадвае яна пачатак заняткаў. — Мая трэнерка была вельмі строгая, сур’ёзная жанчына, дзеці яе баяліся. Першыя спаборніцтвы памятаю: як-небудзь у мяне не ішло. Не было так, што ўзяла лук у рукі — і паляцелі дзясяткі. Вельмі паступова. Я страляла, страляла і падумала: цікава, трэба застацца».

Цяпер стральба з лука прыдаецца дзяўчыне і ў іншых сферах жыцця. Гэты спорт вучыць яе канцэнтравацца, адключацца ад навакольнага свету. Гэта дапамагае Карына ў вучобе. Таксама трэніроўкі развіваюць у ёй вытрымку, пасля іх яна лепш сябе адчувае.

«Хачу пазмагацца за гэтую краіну»

Цяпер Карына будзе вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці «кіраванне» ў горадзе Бельска-Бяла. Гэта за 20 кіламетраў ад гарадка Жывец, дзе дзяўчына жыве і трэніруецца. Некалькі дзён на тыдзень у яе вольныя ад вучобы. Тады ў лучніцы па дзве трэніроўкі па стральбе, і дадаткова яна ідзе ў басейн або трэнажорную залу. У вольны час любіць хадзіць з сям’ёй у горы, бо яны побач. Кажа, што вельмі любіць збіраць канструктары Lego, але на паліцах для іх ужо няма месца.

Да гэтага Карына скончыла ў Польшчы ўніверсітэт па напрамку «англійская філалогія», спецыялізавалася на перакладзе на польскую мову, хоць пры пераездзе ў Польшчу ведала па-польску толькі «прывітанне», «бывай», «як справы?». На радзіме вучылася ў будаўніча-архітэктурным каледжы, але не паспела скончыць універсітэт фізічнай культуры.

Карына адзначае, што зарабляць на стральбе з лука ў Польшчы складана. Члены польскай зборнай не атрымліваюць пастаянных выплат. Ім можа плаціць заробак клуб, у якім яны трэніруюцца. Яны могуць зарабляць грошы як трэнеры. Многія спартсмены занятыя на іншых працах, а на спаборніцтвы ездзяць у свой адпачынак.

Сёлета на чэмпіянаце Польшчы за свае перамогі Казлоўская атрымала каля 1100 еўра. Але 10% ад гэтай сумы трэба было аддаць на падаткі. За фінал Кубка Польшчы спартсменка атрымала каля 550 еўра, з якіх таксама ўтрымалі падаткі.

Першым часам Карыне плаціў заробак яе клуб. Таксама ён аплачваў дзяўчыне здымную кватэру. Аднак пасля канфлікту з трэнерам яна больш не атрымлівае ні заробку, ні грошай на арэнду. Каб сябе ўтрымліваць, раней Карына працавала барыстай у кавярнях, у рэстаране, у сетцы невялікіх крамаў-кававарань «Жабка».

Пасля мінулагодняй перамогі на чэмпіянаце Казлоўскай прапанавала супрацоўніцтва буйная польская кампанія Inpost, якая займаецца дастаўкай пасылак. Карына кажа, што не можа выдаваць дэталі гэтага супрацоўніцтва. Але дзякуючы яму дзяўчыне хапае сродкаў на жыццё і яна можа больш засяродзіцца на спорце. Падчас нашай размовы на ёй майка з лагатыпам гэтай кампаніі.

Карына плануе будучыню ў Польшчы. Хацела б пераехаць у больш буйны польскі горад. Кажа, што ёй падабаецца гэта краіна, для яе гэта другі дом. Яна ўжо атрымала польскае грамадзянства. Карына з дзяцінства ведала, што яна напалову полька, бо частка яе продкаў былі палякамі. Цяпер лічыць сябе ўжо больш польскай спартсменкай.

«Я разумею, што дарога ў Беларусь для мяне даўно закрытая. Мне тут (у Польшчы. — РС) вельмі падабаецца. Я разумею, што тут маё месца ў свеце. Хачу паспрабаваць пазмагацца за гэтую краіну — і на міжнародных спаборніцтвах, і на польскіх. Па лініі маці ў мяне ўсе палякі былі, акрамя бабулі. Таму я лічу, што сям’я проста вярнулася на сваё месца», — кажа Карына пра іх эміграцыю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲