ЗША граюць на галоўным страху Пуціна
1- 15.11.2026, 9:51
- 2,580
Вашынгтон накіраваў асаблівае пасланне Крэмлю.
Сцэнар, паводле якога Украіна сыходзіць з Данбаса і ўзамен атрымлівае перспектыву сяброўства ў НАТА, можа аказацца не канчатковай прапановай, а дыпламатычным інструментам ціску Вашынгтона на Маскву. Такую думку ў эфіры выказаў журналіст-міжнароднік Ростыслаў Хотын, паведамляе «Эспресо».
Паводле ацэнкі Хотына, размовы пра такі абмен варта ўспрымаць найперш як пасланне Крэмлю. Такім чынам ЗША могуць абазначыць Расіі альтэрнатыву: калі яна і далей будзе патрабаваць украінскія тэрыторыі, Кіеў атрымае шанец далучыцца да Альянсу.
Журналіст звяртае ўвагу, што для расійскага кіраўніцтва гэтая тэма асабліва чуллівая і выходзіць далёка за межы звычайных геапалітычных разлікаў.
«Сяброўства Украіны ў НАТА — гэта чырвоная ануча для Масквы. Гэта жахлівая “хвароба бяспекі” — у іх з гэтага параноя», — патлумачыў Хотын.
Чаму Крэмлю давядзецца ўзважваць рызыкі
На думку Хотына, з’яўленне Украіны ў Альянсе можа аказацца для Крэмля значна больш балючым, чым кантроль над асобнымі гарадамі Данецкай вобласці. Таму дэманстрацыя такога сцэнара, перакананы ён, здольная прымусіць Пуціна задумацца, чым для яго абернецца зрыў перамоваў з-за патрабаванняў адносна астатняй часткі Данбаса.
Пазаблокавасць як прадмет торгу
Асобна журналіст указаў на рэсурс, які Кіеў, паводле яго пераканання, дагэтуль недаацэньвае за перамовным сталом.
«У Украіны ёсць уласная пазаблокавасць, і сваю “не-НАТАўскасць” яна можа прадаць значна даражэй, чым гэта адбываецца цяпер», — падкрэсліў журналіст.
Хотын лічыць, што Злучаныя Штаты і еўрапейскія партнёры не павінны загадзя адхіляць перспектыву сяброўства Украіны ў Альянсе. Сама гэтая магчымасць, на яго думку, ужо з’яўляецца рычагом уплыву на Расію.
Замест пастаянных заяў заходніх партнёраў пра адсутнасць кансэнсусу наконт уступлення Кіева ў НАТА, на думку журналіста, варта паказваць Маскве, што такі сцэнар цалкам рэальны. Паводле яго ацэнкі, гэта ўмацавала б пазіцыі Украіны на перамовах і магло б падштурхнуць Крэмль перагледзець свае патрабаванні.
Што задумаў Крэмль на перамовах аб бяспецы Еўропы
Ваенны эксперт Тарас Жаўценка у каментары для 24 Каналу адзначыў, што Масква спрабуе вярнуць на перамоўны стол свае даўнія патрабаванні да Захаду.
«Крэмль цяпер спрабуе праштурхнуць у гэты перамоўны працэс, па вялікім рахунку, усе тыя ўльтыматумы, з якіх пачыналася не толькі паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, але і ўвогуле ўльтыматумы, што ляжаць у аснове стратэгіі агрэсіі рэжыму Пуціна», — падкрэсліў эксперт.
У той жа час спецыяліст звярнуў увагу на прамежкавы вынік сустрэчы ў Эміратах, важны для еўрапейскіх сталіц.
«Адзін з прамежкавых вынікаў сустрэчы ў Абу-Дабі — гэта папярэдняя згода расійскага боку на тое, каб да перамоваў далучыліся еўрапейцы як чацвёрты бок», — адзначыў Жаўценка.