«Агідны Лаўроў прымусіў мяне піць гарэлку»
4- 15.11.2026, 10:23
- 1,514
Былы прэм'ер Вялікабрытаніі расказаў пра правал перамоваў з РФ.
Былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан расказаў, як спрабаваў перазапусціць адносіны з Расіяй, аднак перамовы скончыліся поўным правалам. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю былому прэзідэнту Калумбіі Івану Дуке, перадае Dialog.UA.
Паводле слоў Джонсана, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін імкнецца ўзяць рэванш за «знявагі канца ХХ стагоддзя» і аднавіць уплыў Масквы на тэрыторыі былога СССР і ва Усходняй Еўропе.
«Таму з Пуціным немагчымы кампраміс. Людзі павінны гэта зразумець. Я паспрабаваў перазапусціць адносіны, але ўсё абярнулася катастрофай», — заявіў палітык.
Былы прэм'ер успомніў паездку ў Маскву ў снежні 2017 года, калі ён займаў пасаду кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі. Паводле яго слоў, Пуцін адмовіўся яго прыняць, таму перамовы адбыліся з расійскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.
«Гэта агідны чалавек, зусім безнадзейны. Ён прымусіў мяне выпіць велізарную колькасць гарэлкі перад моцна распаленым камінам», — расказаў Джонсан.
Ён параўнаў сустрэчу з пакараннем у віктарыянскай школе для хлопчыкаў. «Гэта было жудасна, і мы ні да чаго не прыйшлі. Абсалютна ні да чаго», — дадаў палітык.