У Беларусі вырасла вялізарная капуста
1- 18.11.2026, 14:34
Качаны па 7–8 кілаграмаў.
У Беларусі падыходзіць да завяршэння ўборка гародніны, і адной з апошніх з палёў збіраюць капусту. У гэтым годзе ўраджайнасць аказалася рэкорднай: каля 100 тон з гектара супраць 70 тон у мінулым сезоне.
Качаны-гіганты ў Мышкавічах
Дзяржаўныя СМІ пішуць, што сустракаюцца нават качаны вагой па 7–8 кілаграмаў, што прыкладна ўдвая больш за звычайныя.
Такі ўраджай збіраюць на капусным полі ў аграгарадку Мышкавічы Магілёўскай вобласці. На 10,5 гектарах працуе моцны «працоўны дэсант» — каля 60 чалавек.
«Капуста ўсім на заглядзь, качаны шчыльныя, цяжкія, чыстыя. Ураджай адменны! Вырасціла яго з самага зярнятка — спачатку сеяла рассаду, а цяпер збіраю», — расказвае рабочая па добраўпарадкаванні гаспадаркі «Рассвет» Марыя Грышчанка.
Галоўны аграном Андрэй Скраблевіч адзначыў, што нават старажылы гаспадаркі не памятаюць, каб капуста калі-небудзь давала такі высокі ўраджай.
Уборку плануюць цалкам завяршыць да канца тыдня.