Раптоўна памёр лукашэнкаўскі прапагандыст з Гомеля
7- 2.11.2026, 10:56
- 4,236
Яму было 45 гадоў.
Памёр Станіслаў Галкоўскі — былы намеснік галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасцей» і вядоўца дзяржаўнага тэлебачання. Пра яго смерць паведамілі родныя і блізкія на яго старонцы ў фэйсбуку. Паведамляецца, што яму было 45 гадоў. Прычына смерці ў паведамленні не называецца, піша «Штодзень».
У апошнія месяцы прапагандыст публікаваў у сацсетках дэпрэсіўныя паведамленні, у якіх скардзіўся, што «яго ўсё дастала».
Галкоўскі шмат гадоў працаваў у дзяржаўных медыях, пісаў для «Савецкай Беларусі», а з канца 2021 года займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасцей». На тэлеканале «Беларусь 4. Гомель» вёў праграму «Меркаванні».
Пасля 2020 года ён актыўна падтрымліваў афіцыйны парадак дня: крытыкаваў палітычных эмігрантаў, настальгаваў па СССР і памяншаў значэнне сталінскіх рэпрэсій. У адным з матэрыялаў называў рэпрэсіі трыццатых гадоў у Гомелі «кропляй у моры» ў параўнанні з нацысцкімі злачынствамі.
Аднак у канцы 2022 года яго кар’ера ў гомельскіх дзяржаўных медыях перарвалася. Паводле тагачасных паведамленняў, Галкоўскі трапіў пад скарачэнні на абласным тэлебачанні. З «Гомельскіх ведамасцей», як раней высветліў «Штодзень», ён пайшоў па ўласным жаданні. Пасаду намесніка галоўнага рэдактара заняў былы кіраўнік аддзела сувязяў з грамадскасцю абласной міліцыі, падпалкоўнік Віталій Прыстромаў.
У верасні 2026 года «Штодзень» пісаў, што Галкоўскі стаў аўтарам «Беларускай лясной газеты» — галіновага выдання сістэмы Мінлясгаса. Замест палітычных калонак ён публікаваў матэрыялы пра лес і жывёл, у тым ліку пра сяброўства дзікага аленя з хатнім канём пад Жлобінам.