22 лiстапада 2026, Нядзеля, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лепш уцякаць, пакуль мост яшчэ стаіць»

«Лепш уцякаць, пакуль мост яшчэ стаіць»

Ніхто ж не ведае, калі ён канчаткова абрынецца.

Тэлеграм-канал «Письма к дочери» пасля «серыі удараў Украіны па Крымскім мосце» падзяліўся з расіянамі карыснай парадай з глыбіні вякоў:

— Грэкі казалі, што на заваяванне Грэцыі вялікі персідскі цар Ксеркс прывёў з сабой амаль двухмільённую армію. Прыбрахвалі, вядома.

Ад страху яны маглі і дваццаць мільёнаў налічыць. Але войска ў цара ўсё роўна было прыстойнае. У грэкаў столькі дакладна не было.

Ну і, вядома, з такім войскам у цара было шмат лагістычных праблем. І галоўнай праблемай было — як пераправіць гэтае войска з Азіі ў Еўропу.

Можна было паступіць банальна. То-бок перавезці на караблях па частках. На месцы Ксеркса так бы кожны зрабіў.

Але Ксеркс быў не абы-хто. Ён быў вялікі цар вялікай Персідскай дзяржавы. Ён не хацеў па частках. Ён хацеў усё адразу. І таму цар загадаў пабудаваць праз праліў Гелеспонт мост. Я б нават сказаў «Мост» з вялікай літары «М».

Бо паводле тагачасных уяўленняў гэта было вялікае інжынернае збудаванне даўжынёй у паўтара кіламетра. Да цара Ксеркса мастоў праз мора яшчэ ніхто ні разу не будаваў. Таму, акрамя чыста практычнай карысці, мост яшчэ мусіў дэманстраваць царскую веліч.

Праўда, з першага разу ў цара не ўсё атрымалася. Марская бура разметала караблі, на якіх трымаўся гэты мост. Але цар вырашыў пытанне. Ён пакараў смерцю будаўнікоў і загадаў высекчы мора бізунамі за праяўленую да яго непавагу. Таму другая версія моста стала як трэба.

Ну і, як ты ведаеш, з заваяваннем Грэцыі ў цара трошкі не склалася. Спачатку яму крыві папсаваў цар Леанід і яго трыста спартанцаў, а потым афінскі стратыг Фемістокл завабіў царскі флот у пастку каля вострава Саламін.

І пасля марской бітвы каля вострава Саламін у цара не засталося флоту, які адпавядаў бы яго велічы. І перад царом паўстала пытанне: як далей жыць?

З аднаго боку, у яго ўсё яшчэ заставалася вялікае войска, якога хапіла б на ўсю Грэцыю. А з другога боку, без флоту цар адчуваў сябе ўжо не так утульна, як раней.

І вось у хвіліну цяжкіх роздумаў да цара прыбыў таемны пасланец ад стратыга Фемістокла. Фемістокл перадаваў цару, што абнаглелыя грэкі хочуць накіраваць свой флот да Гелеспонта, каб спаліць царскі мост.

Таму Фемістокл, чыста з павагі да царскай велічы, параіў цару паспяшыць пераправіцца назад, пакуль мост яшчэ стаіць.

І я хачу сказаць, што велічы ў цара аказалася больш, чым адвагі. Таму ён неадкладна скарыстаўся парадай, забраўшы з сабой, у інтарэсах царскай бяспекі, лепшую частку войска.

Горшую частку войска грэкі разграмілі ў бітве пры Платэях. Але бяспецы цара гэта ўжо ніяк не пагражала. Цар да таго часу надзейна сядзеў у сваім царскім палацы. А мост грэкі, вядома, спалілі. Але пазней. Калі царскага войска ў Грэцыі ўжо не засталося.

Дык што парада Фемістокла, хоць яна і была ваеннай хітрасцю, урэшце аказалася сапраўды карыснай. Лепш уцякаць, пакуль мост яшчэ стаіць. Бо ніхто ж не ведае, калі ён канчаткова абрынецца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲