Памёр выбітны пісьменнік і гісторык Анатоль Тарас
- 22.11.2026, 13:20
Фота: svaboda.org
Яму было 82 гады.
Памёр вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Анатоль Тарас, паведамілі ягоныя знаёмыя ў сацсетках са спасылкай на сваякоў.
Яму было 82 гады. Прычынай смерці называюць інсульт.
Анатоль Тарас нарадзіўся 24 мая 1944 года ў прыгарадзе Гомеля ў сям’і беларускага мастака Яфіма Тараса. Ён быў зводным братам вядомага беларускага пісьменніка і перакладчыка Валянціна Тараса.
У 1972 годзе скончыў філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў 1979‑м — аспірантуру Акадэміі педагагічных навук СССР у Маскве.
У 1972–1981 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам, а ў 1981–1989 гадах — старэйшым навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага інстытута педагагікі Міністэрства адукацыі БССР. У 1989–1991 гадах узначальваў лабараторыю навукова-практычнага цэнтра «Сігнум». Потым працаваў рэдактарам у мінскіх выдавецтвах «Эрыдан», «Красіко-прынт» і «МЕТ». У 1999–2009 гадах быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Харвест». З лета 2009 года працаваў рэдактарам гістарычнага альманаха «Дзяды». Выпусціў дзясяткі кніг па гісторыі Беларусі, ваеннай справе, рукапашным баі, самаабароне і прыкладной псіхалогіі.
Анатоль Тарас быў рэдактарам, укладальнікам і аўтарам каля ста кніг. Сярод іх — «Вайны Маскоўскай Русі з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV–XVII стст.» (2006), «Гісторыя імперскіх стасункаў: беларусы і рускія. 1772–1991» (2008), «Анатомія нянавісці: руска-польскія канфлікты ў XVIII–XX стст.» (2009), «Грунвальд, 15 ліпеня 1410 года» (2010), «Навуковы антыкамунізм і антыфашызм» (2010), «Перадгісторыя беларусаў ад старажытнасці да XIII стагоддзя» (2010), «Беларусь вышэй за ўсё: пра нацыянальную беларускую ідэю» (2011) і «1812. Трагедыя Беларусі» (2012) ды іншыя.
Кнігі Анатоля Тараса выхадзілі на рускай мове і карысталіся нямалой папулярнасцю. Апошнімі гадамі адразу некалькі кніг Анатоля Тараса былі абвешчаныя рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкімі» выданнямі.