Пашырыць СПА на тэрыторыю Украіны і ўзмацніць разведку: у Польшчы абмяркоўваюць новыя меры бяспекі
- 22.11.2026, 13:25
Польскія эксперты прапануюць збіваць расійскія ракеты і беспілотнікі над тэрыторыяй Украіны.
Палітычныя аналітыкі заклікаюць НАТА ўзмацніць абарону паветранай прасторы Польшчы і разгледзець магчымасць перахопу расійскіх ракет і беспілотнікаў непасрэдна над тэрыторыяй Украіны.
Такія меры прапануецца абмеркаваць пасля таго, як у пятніцу тры расійскія аб’екты парушылі паветраную прастору Польшчы.
Three Russian objects, believed to be two missiles and a drone, violated Poland's airspace overnight, the Polish defense minister said, calling it a provocation by Moscow https://t.co/UirETTYaCy https://t.co/8GS3E6ZftQ
— Reuters (@Reuters) November 20, 2026
Кшыштаф Яворскі з Інстытута нацыянальнай бяспекі і развіцця заявіў у эфіры «Польскага радыё 24», што варта разгледзець, напрыклад, магчымасць пашырэння зоны дзеяння польскай сістэмы супрацьпаветранай абароны:
«Ці варта павялічыць прысутнасць сродкаў разведкі, у прыватнасці самалётаў AWACS? Магчыма, трэба вярнуцца да ідэі, якую абмяркоўвалі ў пачатку вайны, — пашырыць зону дзеяння нашай супрацьпаветранай абароны на пэўную частку тэрыторыі Украіны, на некалькі дзесяткаў або нават сотняў кіламетраў углыб краіны. Загадзя абвясціць, што расійскія ракеты, якія з’явяцца ў гэтай зоне, мы будзем збіваць і разглядаць гэта як варожы акт».
У сваю чаргу, Марэк Свянчыньскі з аналітычнага цэнтра Polityka Insight адзначыў, што Расія ўсё больш слабея. Паводле яго слоў, Масква, звяртаючыся да эскалацыі, спрабуе дамагчыся змянення сусветнага парадку на сваю карысць:
«У Расіі заканчваюцца рэсурсы, неабходныя для вядзення вайны. Заканчваецца і час, у тым ліку праз пэўныя палітычныя падзеі, што набліжаюцца. Акрамя таго, Расія знясілена гэтай вайной, якая хутка адзначыць сваю пятую гадавіну. Несумненна, Расія імкнецца дасягнуць нейкай агульнай дамоўленасці адносна так званай архітэктуры бяспекі».
Генеральны сакратар НАТА запэўніў, што альянс будзе абараняць кожны кавалак польскай зямлі.
Марк Рутэ ў інтэрв’ю тэлеканалу TVP Info паведаміў, што падчас інцыдэнту польскім вайсковым аказвалі дапамогу падраздзяленні саюзнікаў. Ён падкрэсліў, што расследаванне таго, што адбылося, працягваецца.