Сыбіга: Украіна чакае адказу ад Расіі наконт перамір'я ў Чорным моры
- 28.11.2026, 6:00
ФОТА: KIRILL CHUBOTIN / / FORUM
Паводле яго слоў, Украіна гатовая да перамір'я і ўдзячная Індыі, Турцыі і Егіпту за пасярэдніцкія намаганні.
Украіна накіравала міжнародным партнёрам прапановы аб спыненні агню ў акваторыі Чорнага мора і чакае адказу ад Расіі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга падчас выступлення на V міжнароднай канферэнцыі Grain from Ukraine, паведамляе «Суспільне».
Паводле яго слоў, Украіна гатовая да перамір'я і ўдзячная Індыі, Турцыі і Егіпту за пасярэдніцкія намаганні і садзейнічанне дэскалацыі ў Чорным моры.
«Зараз мы чакаем адказу ад Расіі. Усе нашы прапановы былі перададзеныя», — сказаў ён.
У той жа час Сыбіга адзначыў, што Расія кожны раз спрабуе выстаўляць дадатковыя ўмовы, калі Кіеў перадае прапановы. У прыватнасці, Масква прапануе ўключыць у дамоўленасці пытанне экспарту нафты.
«Нафта можа стаць элементам больш шырокага энергетычнага перамір'я. Так, мы гатовыя і да энергетычнага перамір'я, але тады яго трэба разглядаць з усімі энергетычнымі кампанентамі. А што да Чорнага мора, мы засяроджваемся на аграпрадукцыі. І зноў жа, мы вылучылі дзейсныя прапановы», — патлумачыў кіраўнік МЗС.
Сыбіга таксама падкрэсліў неабходнасць узмацнення міжнароднага ціску на Расію для аднаўлення свабоды суднаходства ў Чорным моры.