4 лiстапада 2026, Серада, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Кіргізстана пагразіў адабраць маёмасць «Газпрама» ў краіне

2
Прэзідэнт Кіргізстана пагразіў адабраць маёмасць «Газпрама» ў краіне
Садыр Жапараў

Расійская кампанія не выконвае ўзятых на сябе абавязацельстваў.

Прэзідэнт Кіргізстана Садыр Жапараў папярэдзіў «Газпрам», што можа вярнуць пад дзяржаўны кантроль газавую інфраструктуру краіны, якая цяпер належыць расійскай кампаніі, калі тая не правядзе газіфікацыю ў рэспубліцы, піша kaktusmedia.

Жапараў зрабіў сваю заяву 3 лістапада на сустрэчы з жыхарамі Айтматаўскага і Манасскага раёнаў Таласкай вобласці. На ёй жыхар вёскі Семетэй Курманбек Такееў папрасіў правесці газ у Манасскі раён. Прэзідэнт Кіргізстана адказаў на гэта, што краіна не можа самастойна прымаць рашэнні аб пашырэнні газавых сетак, бо газавая сістэма належыць «Газпраму».

«Газпрам» — гаспадар… Таму на тэрыторыі Кіргізстана пытанні, звязаныя з газам, мы можам вырашаць толькі з імі. Пакуль так», — сказаў ён.

Паводле слоў Жапарава, пагадненне прадугледжвала, што «Газпрам» выдзеліць сродкі на газіфікацыю ўсёй краіны, аднак гэтыя абавязацельствы дагэтуль не выкананыя.

«Я ўжо два-тры гады ўздымаю гэтае пытанне, «Газпраму» кажу: „Калі не зробіце, вярну, як «Кумтор», і буду рабіць сам“. Але пакуль газ не перайшоў да нас, я вам гэтага абяцаць не магу», — сказаў Жапараў.

Міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў газавай сферы Расія і Кіргізстан падпісалі ў ліпені 2013 года, а саму здзелку па перадачы газавай інфраструктуры «Газпраму» аформілі ў 2014 годзе. Расія атрымала кампанію «КыргызгазПром», якой належалі газатранспартныя і размеркавальныя сеткі рэспублікі. Пазней прадпрыемства перайменавалі ў «Газпрам Кіргізстан».

Расійскі бок заплаціў за гэта адзін долар, прыняў на сябе даўгі «Кыргызгаза» на суму не менш як 40 млн долараў і абавязаўся ўкласці ў мадэрнізацыю інфраструктуры не менш як 20 млрд рублёў на працягу пяці гадоў. Кіргізстан надаў «Газпраму» выключнае права на імпарт прыроднага газу і гарантаваў абарону яго інвестыцый ад нацыяналізацыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲