Літва вярнула ў Беларусь сем тон радыеактыўных лісічак
4- 4.11.2026, 17:21
- 1,578
У грыбах выявілі цэзій-137.
Літоўскія памежнікі спынілі на мяжы грузавік з 7 тонамі свежых лісічак з Беларусі. Пры праверцы прыборы выявілі радыеактыўны цэзій-137. У выніку ўсю партыю грыбоў вярнулі ў Беларусь, паведаміла Памежная служба Літвы.
Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары 31 кастрычніка ў пункце пропуску «Мядзінінкай». На праверку прыбыў грузавік DAF пад кіраваннем 36-гадовага беларуса, які перавозіў свежыя лісічкі. Агульная вага партыі складала 7128 кг. Грыбы знаходзіліся ў драўляных скрынях.
У кіроўцы быў дазвол на часовае пражыванне ў Літве, які дзейнічае да кастрычніка 2027 года. Сам цягач зарэгістраваны ў Літве, а паўпрычэп — у Эстоніі.
Калі фура ўехала ў зону памежнага кантролю, спрацавалі стацыянарныя датчыкі радыяцыі. Памежнікі правялі дадатковую праверку ручной прыладай RIIDEye X, якая выявіла цэзій-137. Магутнасць дозы выпраменьвання на паверхні аўтамабіля складала 0,06 мікразіверта на гадзіну (мкЗв/гадз).
Як паведаміла Дзяржаўная памежная служба Літвы, перад поўначчу супрацоўнікі звязаліся з Цэнтрам радыяцыйнай бяспекі. Пасля кансультацыі вырашылі не прапускаць грузавік у краіну.
Канфіскоўваць лісічкі літоўскія памежнікі не сталі, бо гаворка ішла пра скорапсавальны прадукт. Машыну з грузам не затрымлівалі. Пасля поўначы грузавік з усімі 7 тонамі грыбоў вярнуўся ў Беларусь, паведамілі літоўскія памежнікі.